Дзмітрый Дубоўскі: «Будні адважных» (урыўкі з дзённіка палітнелегала). Частка 5

67fe432fd9f2ce733580bd09c19e1b63За ўвесь адрэзак часу майго знаходжання ў Расіі мне давялося папрацаваць як напаўафіцыйна (без афармлення), так і нелегальна (без засвяткi дакументаў ці намёкаў на раскрыццё майго этнічнага паходжання). Пад гэтыя абставіны мне часта ўспамінаецца адна характэрная прыказка, пачутая мной зноў жа ад мясцовых працавікоў, а гучыць яна прыкладна так: была бы шыя, а хамут знойдзецца. Упершыню гэтыя словы я пачуў ад аднаго ўзбека, які пражывае доўгі час у Расіі ў той момант, калі згодна пэўных прычын я iзноў шукаў сабе працу. Пасля гэтую прыказку мне прыйшлося яшчэ не раз пачуць, як ад саміх рускіх, так і ад прыезджых з суседніх краін рабацяг.

Адзначая вынiкi апісаннай спецыфікі ўладкавання на працу і яе пошуку, можна сказаць што знайсці працу атрымліваецца не раней, чым праз 2-3 тыдні ад пачатку пошуку і то гэта ў выпадку, калі вы толькі патрапілі ў краіну і акрамя вас саміх вам ніхто не скажа і не пакажа дзе ёсць тая праца, на якой вы зможаце адчуваць сябе ў бяспекі, атрымліваючы пры гэтым зарплату, якая дазволiць вам жыць і ўтрымліваць самога сябе. Іншая справа, калі напрацаваны цесныя сувязі з працоўнымі, і ты добра уладкаваўся. Зняўшы жыллё, набыўшы мабільныя тэлефоны, наладзіўшы доступ у Інтэрнэт, становіцца нашмат прасцей даведвацца, як рухаюцца справы і якія навіны ў нелегальна-працоўнай сферы. Хвіліны вырашаюць усё.

Такiм чынам ўладкавацца цалкам нелегальна тут магчыма. А калі яшчэ ёсць вопыт у розных галiнах працы, то тады з набыццём працы ў вас практычна не будзе ўзнікаць якіх-небудзь цяжкасцяў. Добрай апорай для імігранта можа паслужыць валоданне будаўнічымі спецыяльнасцямі ды іншымі напрыклад рамонтна-гаспадарчымі навыкамі. Адукацыя і дыпломы для нелегала гэта пустыя меткі, тут, бадай, самае галоўнае ўменне і веданне рабочых прафесій. А перакладаць паперкі ў офісах ці там весці ўсякія ўлікі-разлікі і прыбірацца ў прадстаўнічага супрацоўніка якой-небудзь камерцыйнай канторы, здаецца, палiтнелегалу не свеціць, ды і не слушна. Па-крайняй меры я б не рызыкнуў туды савацца, калі б нават у мяне былі нейкія навыкі ў гэтай справе.

Варта дадаць для тых, хто будзе спрабаваць пайсцi рабочым на будоўлю: улічвайце, што вялікія высокааплатныя маскоўскія будоўлі цягнуць за сабой рызыкi быць вылічаным паліцыяй. Такія частыя госці на будаўнічых пляцоўках як ФМС, могуць пад шумок і пра вас выведаць. Іх жа не хвалюе, што адпраўка вас на Радзіму не абяцае вам якіх-небудзь добрых перспектыў, акрамя як быць рэпрэсаваным лукашэнаўскiм рэжымам. Таму больш практычным і бяспечным з’яўляецца праца ў брыгадах якiя займаюцца выкананнем дробных, прыватных будаўнічых работ. Гэта можа быць не толькі будаўніцтва, але іншыя зноў жа рамонтна-гаспадарчыя працы. Як толькі вам ўдасца замацавацца за якую-небудзь брыгаду, усё роўна будаўнічую альбо рамонтную ці там яшчэ якую, галоўнае, каб гэтая брыгада спецыялізавалася па рабочых прафесіях (займалася фізічнай працай), тады з часам, вам паступова атрымаецца арганізаваць або уклініцца ў пэўную працоўную арцель, якая дае вам выхады на розныя промыслы і якая гарантуе нармальны заробак. Праз рабочую арцель перад вамі адкрываецца бязмежнае поле дзейнасці, праз якое вы можаце рэалізавацца незалежна ад дзяржаўных устаноў, якiя так нястомна заяўляюць аб тым, што іх турбуюць праблемы беспрацоўя і занятасць насельніцтва. Я цяпер яшчэ больш перакананы ў тым, што ў пытанні арганізацыі працы, ды і мабыць яшчэ ў многіх іншых пытаннях, ад дзяржаўных міністэрстваў і чыноўнікаў нічога не залежыць, усё наадварот, сапраўдны стан рэчаў паказвае, што людзі здольныя самастойна вырашыць любое пытанне датычнае таго як выжыць, не памерці з голаду і задаволіць свой побыт.

Як я ўжо адзначаў вышэй, усё гэта даецца не адразу, а па заканчэнні некаторага часу і залежыць ад пэўных фактараў. Забягаючы наперад, скажу, што напрацоўка такіх сувязяў і зачэпкі за працоўны калектыў, які выконвае сумесныя, калектыўныя працы мне даліся пасля аднаго з паловай гадоў майго знаходжання і блукання ў Расіі. Але больш падрабязна пра тое, як і дзе ў мяне склаліся ўстойлівыя сувязі з гэтым я распавяду, мабыць, ужо пры іншых абставінах, калі рэжым у нашай краіне зведае шэраг змен. А пакуль перайду да іншых немалаважных момантаў у жыцці палiтнелегала.


Пошукі жылля і даху над галавой

Для нармальнай жыццядзейнасці акрамя працы неабходна абзавесціся ўласным жыллём. Вядома, уласнае гэта ўмоўнае паняцце і я тут вяду гаворку аб здымнай жылплошчы. Жыць на “вписках” сярод актывістаў рызыкоўна, ды і не заўсёды атрымаецца ўжыцца з тымі, у каго прыярытэты трохі іншыя, чым у вас. Актывісты, якім спецслужбы яшчэ не перакрылі цалкам кісларод, жывуць згодна з іншых арыенціраў, чым тым становішчам, у якім апынуўся я, калі сілавікі пазбавілі мяне глытка свабоды,. Культура бяспекі ў шматлікіх актывістаў расійскага анарха-руху таксама жадае лепшага. У такой сітуацыі дыстанцыявацца ад актывiсцкага асяроддзя, каб “акапацца” на асобнай жылплошчы, з’яўляецца такой жа архіважнай задачай, як і працаўладкаванне.

Здымаць жыллё можна пачынаць загадзя яшчэ да ўладкавання на працу, ці ўжо пасля. Тут зноў жа ўсё залежыць ад абставін і таго, якімі рэсурсамі вы валодаеце. Калі спачатку ў нас з Ігарам была магчымасць хутка арандаваць жыллё, то пасля таго, як на нас была здзейсненая аблава ў Маскве, мне давялося адступіць з жылля, у якім мы аселі, разарваць сувязь з людзьмі, якія дапамагалі нам на той момант з працаўладкаваннем, бо зноў жа была рызыка, што пасля затрымання Ігара спецслужбы выйдуць на гэтае месца. Выпадкова што апасля такіх манеўраў, не маючы сур’ёзных назапашванняў, мне яшчэ доўгі час даводзілася праробліваць усё з самага пачатку. А гэта ўжо паверце досыць млосна і цяжка. Праблематычнасць сітуацыі ў тым, што палiтнелегал не можа так спакойна звярнуцца ў тое ж агенцтва нерухомасці. Заключэнне дамовы з агенцтвам патрабуе засвятлення вашых пашпартных дадзеных. А знайсці жыллё без пасярэднікаў у Маскве вельмі цяжка. Ды і зноў жа без істотных назапашванняў зняць жыллё вам не ўдасца. Пры адсутнасці ў вас гэтых самых назапашванняў ўсе перадаплаты і іншыя грашовыя аперацыі, спадарожныя арэндзе, могуць надоўга заблакаваць ваша далейшае перасоўванне па соцыуму. Да прыкладу, у нас аднойчы склалася такая сітуацыя: вырашыўшы пытанне з жыллём, мы з Ігарам яшчэ доўга жылі па месцы нашай дыслакацыі, маючы ў кішэні ўсяго-то сто рублёў мясцовай валюты і нязначны запас правіянту ў выглядзе грэчкі, пачкі масла і яшчэ чаго- то там не асабліва ратаючага нас ад голаду. Працы на гэты момант мы таксама пазбавіліся, нават сувязі з навакольным светам, у адсутнасці Інтэрнэту і заглушаных на час мабіл, у нас якай такой i не было. Голад прытупляў нас, а выхад у грамадства складаўся толькі ў прагулках па раёне з наведваннем стадыёна ў амаль непрытомным стане. Пры такім становішчы натуральна ніякіх дзеянняў па наладжванні жыццядзейнасці не ідзе і гаворкі. Мабыць, такая сітуацыя да болю знаёмая не толькі нам, палiтнелегам, але і ўсім тым людзям, якія даведзены да беднасці і галечы. Выхад кожны знаходзіць сам. Таксама і мы нават не думалі апускаць рукі. І праз некаторы час усё ўляглося, як зрэшты, і зноў абламалася. Увогуле, трапіць у падобныя сітуацыі палiтнелегалу ў гэта як двойчы два.

У сувязі з ўзнікаючымi часам вось такімі і многімі іншымі неспадзяванымі сітуацыямі, шукаць жыллё таксама як і працу даводзіцца з частай перыядычнасцю. Затое такое становішча рэчаў дазваляе даведацца пра абыходныя шляхi у вырашэнні пастаўленых задач. Як гаворыцца, калі будзеш сядзець на месцы і чакаць што тое, чаго ты хочаш проста зваліцца табе ў рукі, можаш страціць і тое, што меў. Таму ініцыятыва і кемлівасць, разам з салідарнасцю паміж такімі ж абяздоленымі, выпхнутымi на абочыну псеўдастабiльнасцi і тых, хто пакутуе вызвалення, ратуе і выбаўляе прыгнечаных пры любых раскладах. Гэта жыццё, а жыццё ў нас, як правіла — гэта барацьба!

Такім чынам, пераходжу да тлумачэння таго, як можна вырашыць некаторыя нюансы што ўзнікаюць пры пошуку і здыме жылля. Абыйсці пасярэднікаў у асобе агенцтваў нерухомасці ў Маскве, здаецца, не ўяўляецца магчымым. Гэта можна зрабіць толькі праз знаёмых і толькі тады, калі хто-небудзь з знаёмых вашых знаёмых будзе здаваць жыллё і яны пра гэта вам паведамяць. Ды і яшчэ гэтых знаёмых трэба для пачатку здабыць, каб на вашыя пакуты хоць хтосьці адгукнуўся. Можаце не марнаваць час на расклейку уласных аб’яваў ці ж іх размяшчэнне ў Інтэрнэце, бо станоўчых вынікаў наўрад ці даможацеся. Супрацоўнікі агенцтваў нерухомасці, як правіла, заўсёды апярэджваюць гаспадароў і ваша аб’ява на слупе ці іншых месцах будзе сарвана. Так што тут як ня круці, але чапляцца за кватэру часам прыйдзецца праз агенцтва нерухомасці.

Як працуюць агенцтва, думаю, шмат хто ведае і з гэтым сутыкаліся. Афёры банальна простыя і даўно заезджаныя, так што расійскія канторкі такога тыпу нічым не адрозніваюцца ад нашых. Будзьце да гэтага гатовыя. Палiтнелегала, вядома ж, цікавіць іншае пытанне. Як пазбегнуць заключэння афіцыйных дамоваў як з агенцтвам, так і з гаспадарамі якiя вам здаюць жыллё? Калі з апошнімі ў большасці выпадкаў гэта лёгка, таму што гаспадары жылплошчы, не жадаючы адшпільваць ў выглядзе падаткаў лішнія рублі ў казну дзяржавы, пазбягаюць заключэння дагавораў па найму. Адзінае, што часта просяць гаспадары наўзамен дагавора, так гэта простую распіску аб тым, што такі-то такой-та даты пасяліўся ў гэтай кватэры і аплаціў энную суму і да т.п. Натуральна, гэтая распіска далей тумбачкі або шафы які знаходзіцца па месцы знаходжання гаспадара што здае вам жыллё нікуды не пойдзе. А гэта тое, што трэба!

Як жа быць з пасярэднікам паміж вамі і гаспадарамі? Гэтыя ў любым выпадку запатрабуюць ад вас афіцыйнага заключэння дагавора па аказанні паслуг. А тут ужо палiтнелегалу свяціць дакументамi катэгарычна не варта. Таму можна паступіць наступным чынам: звярнуцца да якiх-небудзь сяброў ці добрых знаёмых, якія чыстыя перад дзяржаўнай сістэмай і ўжо праз іх заключыць дагавор з агенцтвам. Заключыўшы такім чынам дагавор і аплаціўшы адразу ж паслугі агенцтва, вам застанецца толькі сустракацца і размаўляць з гаспадарамі.

Але знайсці жыллё гэта яшчэ паўбяды. Немалаважным з’яўляецца яшчэ і тое, як вас ўспрыме гаспадар жылля, як у далейшым складзецца ваш побыт на здымнай кватэры. Часам здараюцца прэцэдэнты, што людзі, з якімі вы вырашаеце ўсякія дзелавыя пытанні, напрыклад, арендуеце ў іх жыллё, ці калі дзесьці працуеце (цесна маючы зносіны з наймальнікам або працоўнымі), могуць паставіцца да вас не зусім ветліва. Зноў жа грамадства дзеліцца як на добразычліўцаў, так і на тых, у каго мараль у галаве закісае і не стасуецца з вашымі арыенцірамі. Адсюль узнікае яшчэ адно але. Як выбудоўваць узаемаадносіны з суседзямі і напарнікамі, як сябе паставіць, каб не здавацца падазроным і пазбегнуць усялякіх правакацыйных пытанняў якія могуць раскрыць сапраўдныя матывы вашага знаходжання ў чужой краіне. Аб усiм гэтым i ня толькi я паспрабую паведаць ужо крыху пазней…

P/S Дадзены тэкст дасланы нам на пошту, матэрыял публікуецца згодна з дасланым арыгіналам але як адзначае сам аўтар, дадзеныя ўрыўкі з’яўляюцца чарнавым варыянтам дзённіка «Будні адважных». (РД)

Пачатак:

Год в бегах. Откровения беларуского анархиста

Дзмітрый Дубоўскі: «Будні адважных: перасякаючы мяжу, першыя крокi на чужыне»

Дзмітрый Дубоўскі: «Будні адважных: унутраны стан ды настрой на эмiграцыю i гатоўнасць да зняволення»

Дзмітрый Дубоўскі: «Будні адважных: асаблівасці пражывання»

Дзмітрый Дубоўскі: «Будні адважных: уладкаванне на працу і ўсе вынікаючыя з гэтага наступствы»

Крыніца

Оставьте комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Прокрутить вверх