«Справа анархістаў»: Менгарсуд пакінуў прысуды без зменаў

Анархічны Чорны Крыж – Беларусь
Прэс-рэліз ад 8 ліпеня 2011 года

8 ліпеня ў Менскім гарадскім судзе разглядаліся касацыйныя скаргі па крымінальнай справе ў дачыненні да Ігара Аліневіча, Мікалая Дзядка, Аляксандра Францкевіча, Максіма Веткіна і Яўгена Сілівончыка. Маладыя людзі асуджаныя нібыта за здзяйсненне шэрагу палітычных акцый, у прыватнасці, нападу на амбасаду Расіі ў Менску ў жніўні 2010 года. Для асуджэння выкарыстоўваліся артыкулы «хуліганства групай асобаў» (ч.2 арт.339 КК РБ) і “наўмыснае знішчэнне ці пашкоджанне маёмасці» (ч.2 і 3 арт.218 КК РБ). Францкевіч дадаткова быў асуджаны за «кампутарны сабатаж» і «распрацоўку, выкарыстанне ці распаўсюд шкодных праграм» ( ч.2 арт. 351, ч.1 арт. 354 КК РБ).

Суд разгледзеў касацыйныя скаргі Ігара Аліневіча, Мікалая Дзядка і Аляксандра Францкевіча і пакінуў прысуды без зменаў.

Бацькі асуджаных заявілі, што Аліневіч, Дзядок і Францкевіч збіраюцца абскарджваць рашэнне суда ў далейшых інстанцыях.

Максім Веткін і Яўген Сілівончык не падавалі касацыйныя скаргі. На працэсе ў траўні бягучага года Веткін і Сілівончык прызналі сябе віноўнымі і давалі паказанні супраць іншых абвінавачаных. Аліневіч, Дзядок і Францкевіч (часткова) адмаўляюць сваю віну.

Нагадаем, Ігар Аліневіч асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыма. Мікалай Дзядок асуджаны на 4,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыма. Аляксандр Францкевіч асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыма.

Дзеля параўнання: Максім Веткін быў асуджаны на 4 гады абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпа. Яўген Сілівончык быў асуджаны на 1,5 гады абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпа.

Апрача таго, асуджаныя павінны кампенсаваць каля 100 млн беларускіх рублёў стратаў (пераважна за пашкоджаны аўтамабіль расійскай амбасады).

Праваабарончы цэнтр «Вясна» з увагі на шматлікія парушэнні правоў асуджаных заклікае да адмены прысудаў і паўторнага разгляду справы (http://spring96.org/be/news/43721).

Анархічны Чорны Крыж – Беларусь лічыць прысуды палітычна матываванымі, а віну абвінавачаных недаведзенай. Варта адзначыць: усе акцыі, за ўдзел у якіх былі асуджаны пяцёра, былі негвалтоўнымі. У выніку акцый не пацярпела ніводная жывая істота. Большасць «нападаў» на розныя аб’екты была сімвалічнай, а нанесеныя страты – нязначнымі.

Трансляцыя з зала судовых паседжанняў і падрабязнасці травеньскага судовага працэса размешчаны на сайце belarus.indymedia.org.

Оставьте комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Прокрутить вверх