За падпал дзвярэй бабруйскага КДБ анархісты атрымалі па 7 гадоў строгага рэжыму

Суд Бабруйску і Бабруйскага раёна скончыў разгляд крымінальнай справы па факце падпалу мясцовага будынку КДБ. Яўген Васьковіч, Павал Сырамалотаў й Арцём Пракапенка, якім інкрымінавалася злоснае хуліганства і спроба нанясеньня шкоды маёмасьці ў асабліва вялікім памеры, атрымалі па сем гадоў турмы строгага рэжыму.

Судовы працэс праходзіць пад старшынствам судзьдзі Паўла Каркініна. На сёньняшнім паседжаньні былі агучаныя страты ад нападу падсудных на будынак КДБ. Яны склалі крыху болей за 253 тысячы рублёў. Гэтую суму сваякі абвінавачаных ужо выплацілі.

Адбыліся спрэчкі, і абвінавачаныя пачалі выступаць з апошнім словам.

Дзяржаўная абвінаваўца заявіла, што віна падсудных цалкам даказаная. Дзеяньні абвінавачваных, на яе думку, маглі зьнішчыць увесь будынак КДБ з маёмасьцю ў ім. Сума меркаваных стратаў ацэненая амаль у два мільярды рублёў. Паводле яе, гэтую суму суд павінен улічыць пры вынясеньні выраку.

Васьковіча абвінаваўца прапанавала асудзіць на сем з паловай гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. Сырамалотава — на сем з паловай гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Пракапенку — на восем гадоў пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Адвакаты падсудных з пазыцыяй абвінаваўцаў не пагадзіліся. Яны прасілі суд улічыць, што паказаньні абвінавачаныя давалі пад ціскам. Акрамя таго, яны ня мелі на мэце спаліць будынак КДБ, на што націскае абвінаваўца, а толькі хацелі яго пашкодзіць.Довады абвінаваўцы, даводзілі адвакаты, грунтуюцца на меркаваньнях пра тое, што магло б адбыцца, але не адбылося. Казалі таксама пра прапагандысцкі фільм Беларускага тэлебачаньня пра напад падсудных на будынак КДБ, што ўжо стварыла адпаведную абстаноўку. Прасілі суд, каб вырак быў аб’ектыўны і сувымерны, не зьвязаны з пазбаўленьнем волі.

У сваім апошнім слове Яўген Васьковіч заявіў, што не шкадуе аб тым, што ўчыніў. Ён такім чынам спрабаваў абараніць спрадвечныя беларускія каштоўнасьці. Ён перанясе ўсе цяжкасьці, зь якімі яму давядзецца сутыкнуцца ў турме.

Арцём Пракапенка заявіў, што шкадуе аб учыненым і што ўдзел у нападзе на КДБ быў памылкай яго жыцьця.

Павал Сырамалотаў таксама зьвярнуўся да суду з просьбай пра літасьць і каб яму прызначылі пакараньне не зьвязанае з пазбаўленьнем волі.

nn.by

Оставьте комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *