Актывісты анархісцкага руху распавялі пра здзекі, якім падвяргаліся падчас затрымання.
Пасля вобшуку зніклі грошы
Адсутнасць медыцынскай дапамогі і сродкаў гігіены, адмовы вывесці ў прыбіральню, маральныя і фізічныя здзекі, канфіскацыя рэчаў і знікненне грошай — усё гэта зведалі на сабе актывісты Зміцер Паліенка, Яўген Чуліцкі і Наста Гусева, якіх затрымалі раніцай 21 студзеня, змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ) і вызвалілі 23 студзеня. Маладых людзей падазраюць у нанясенні на сцяну надпісу «Менты убивают людей» (следчыя кваліфікавалі гэта як злачынства, прадугледжанае артыкулам 341 Крымінальнага кодэкса (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці)).
Надпіс быў нанесены на сцяну аднаго з будынкаў Мінска ў снежні мінулага года, і яго даўно ўжо зафарбавалі камунальнікі. Аднак чамусьці толькі цяпер следчыя звярнулі на яго ўвагу. Пад іх падазрэнне трапілі актывісты анархісцкага руху. Зрэшты, апошнія са следствам не супрацоўнічаюць, паказанняў не даюць і ўвогуле не лічаць надпіс злачынствам.
— Надпіс звязаны з нядаўнім выпадкам у Нясвіжскім раёне, калі ў машыне міліцыі на шнурках павесіўся чалавек, — тлумачыць Зміцер Паліенка. — Гэта ў прынцыпе немагчыма. Можа, яго білі і пасля інсцэнавалі суіцыд. Усім ясна, што гэта справа рук міліцыі. Наша міліцыя – карны орган, які ахоўвае не нашы правы і свабоды, а дыктатуру і ўладу.
Былы палітвязень распавёў, што каля васьмі раніцы 21 студзеня да яго прыйшлі супрацоўнікі крымінальнага вышуку, многія з іх былі ў масках, з аўтаматамі і ў бронекамізэльках. Пагражалі зламаць дзверы, а калі іх упусцілі, паказалі санкцыю пракурора на правядзенне вобшуку і паклалі на падлогу Змітра і Насту Гусеву, якая таксама знаходзілася ў кватэры. З якой прычыны адбываюцца вобшук і затрыманне, не патлумачылі.
— Мяне першага павялі ў машыну, паставілі на калені, рукі за спіну. На любое маё варушэнне прымяняліся ўдары. Былі пагрозы ад людзей у масках. Яшчэ яны пачалі праводзіць вобшук да таго, як прыйшлі панятыя і без нас — гэта парушэнне. У мяне забралі банер, нашыўкі, паламалі канапу, многія рэчы на балконе, забралі ўсю тэхніку. І яшчэ ў мяне з кашалька зніклі 370 рублёў і 100 долараў. Я буду падаваць заяву на супрацоўнікаў крымінальнага вышуку з гэтай нагоды.
Па словах Змітра, падчас допыту ў Следчым камітэце яму прапаноўвалі падпісаць яўку з павіннай у абмен на вызваленне Насты Гусевай і Яўгена Чуліцкага, абяцалі адпусціць без завядзення крымінальнай справы.
— Быў і такі гандаль, маўляў, мы табе — два каралеўскія фалафелі, а ты нам напішаш яўку з павіннай, —усміхаецца вегетарыянец Зміцер. ЗСваё жорсткае затрыманне з прымяненнем фізічнай сілы ён звязвае з правядзеннем сёлета ў Мінску Еўрапейскіх гульняў. Актывіст прыгадвае 2014 год, калі перад Чэмпіянатам свету па хакеі ізалявалі ўсіх апазіцыйных актывістаў. На яго думку, тое ж самае адбываецца і цяпер.
Больш за суткі без ежы і вады
Пасля затрымання актывісты знаходзіліся ў ІЧУ, а таксама іх вазілі на допыты ў Следчы камітэт і РУУС Заводскага раёна.
— Я была затрыманая ў 8 — 8.30 раніцы, а зайшла ў камеру толькі ў 3 гадзіны ночы. Больш за суткі я знаходзілася без ежы і вады, — распавядае яшчэ адна фігурантка справы Наста Гусева. — Пасля затрымання нас адвезлі ў ГАМ (гарадскі аддзел міліцыі. — НЧ), Дзіму і Жэню адвялі ў кабінеты, а мяне проста пакінулі ля сцяны. Я нічога не разумела, некалькі гадзін стаяла і глядзела ў сцяну. Потым да мяне падыйшоў супрацоўнік у цывільным, стаў казаць, што я затрыманая па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства. У мяне мала запытваліся пра справу, а больш пытанняў было пра Дзіму Паліенку. Але я ніякіх злачынстваў не здзяйсняла і адмовілася даваць тлумачэнні.
Пазней у так званым «абязьянніку» ў РУУС у Насты пачалася мігрэнь, пра што яна сказала супрацоўнікам, але ніякай рэакцыі не было. Пасля змяшчэння ў ІЧУ дзяўчыне стала горш, але супрацоўніца медчасткі сказала «гэта не медустанова, нічым дапамагчы не магу». Весці ў прыбіральню Насту таксама адмаўляліся, зрабілі гэта толькі праз некаторы час.
— Толькі ў 3 гадзіны ночы я папіла вады з-пад крану ў камеры, а паснедала на наступны дзень у 9 раніцы. Я лічу гэта жорсткім абыходжаннем. У камеры не было ні мыла, ні ручнікоў, таму даводзілася падцірацца дакументамі. У першую чаргу ў ход прайшлі правы і абавязкі. Але ніякіх правоў і абавязкаў у мяне не было, дык што з імі яшчэ рабіць? — кажа Наста.
Падчас знаходжання ў ІЧУ яна даведалася, што часта на вязнях эканомяць: увозяць з ізалятару да сняданка і вяртаюць пасля вячэры (якую даюць у 15 гадзін дня, праз паўгадзіны пасля абеду).
— Пасля сняданку нас павезлі ў РУУС і зноў закрылі ў «абязьянніку». Супрацоўнікі не рэагавалі на патрабаванні вывесці мяне ў прыбіральню, груба выказваліся, пагражалі прымяненнем фізічнай сілы. Я, не доўга думаючы, зрабіла ўсе свае справы наўпрост на падлогу каля дзвярэй. Я доўга цярпела і ў мяне пачаліся болі, таму давялося гэта зрабіць. Я лічу гэта катаваннем. Гэта была мера, каб запалохаць мяне, прынізіць маю годнасць, — мяркуе дзяўчына.
Больш за
тое, калі 23 студзеня актывістаў выпускалі з ІЧУ, праводзілі асабісты
дагляд. У той час, калі даглядалі Насту, у памяшканні ў «стаканах»
знаходзілася 18 чалавек, з іх толькі 3 жанчыны.
— Я там была і ведаю, што адтуль усё бачна. Я зрабіла заўвагу, але
на гэта не было ніякай рэакцыі. Відавочна, што падчас дагляду, калі
трэба распранацца дагала, рабіць прысяданні, ва ўсе шчыліны глядзелі.
«Прачнуўся ад таго, што мяне будзіў супрацоўнік крымінальнага вышуку»
У кватэру да Яўгена Чуліцкага супрацоўнікі крымінальнага вышуку зайшлі разам з яго маці, якая вярталася з крамы. Яны не прадставіліся, толькі на секунду адзін з іх паказаў пасведчанне, якое немагчыма было паспець прачытаць.
— Я яшчэ спаў, і прачнуўся ад таго, што мяне будзіў супрацоўнік крымінальнага вышуку, — узгадвае Яўген. — Забралі ноўтбук, тэлефоны, у тым ліку непрацоўныя. На мяне апранулі кайданкі, павезлі ў ГАМ. Я ўбачыў, што прывезлі Дзіму з Насцяй. Нас з Дзімам павялі ў розныя кабінеты. Супрацоўнік спытаў, навошта мы зрабілі надпіс, якіх поглядаў я прытрымліваюся. Потым пачаліся пагрозы і абяцанні турмы.
Яўген стаяў ля сцяны 4 гадзіны. Ён узгадвае, што Змітру за гэты час стала кепска, ён папрасіў таблетку, але з яго сталі здзеквацца і адпускаць жарты ніжэй за пояс. Потым таблетку ўсё ж далі.
Як зазначаюць актывісты, санкцыя артыкула, у парушэнні якога іх падазраюць, не прадугледжвае заключэнне пад варту, іх маглі затрымаць толькі на 72 гадзіны, а па факце пратрымалі ў зняволенні трое сутак. Апроч таго затрыманыя пастаянна чулі намёкі, што артыкул могуць дапоўніць ці перакваліфікаваць, і, калі следчым так захочацца, фігурантаў справы чакае турма.
Пасля перажытага Наста Гусева напісала заяву ў пракуратуру аб узбуджэнні крымінальнай справы супраць супрацоўнікаў РУУС, неўзабаве гэта збіраецца зрабіць Зміцер Паліенка