На палітвязьняў-анархістаў пачаўся новы віток ціску, каб прымусіць іх напісаць прашэньні аб памілаваньні, нягледзячы на тое, што ўсе яны абвешчаныя злоснымі парушальнікамі рэжыму. Арцёма Пракапенку, як і Ігара Аліневіча, пазбавілі кароткатэрміновага спатканьня з роднымі.
З шасьці асуджаных анархістаў прашэньне аб памілаваньні напісаў толькі Павал Сырамалотаў, які адбывае 7-гадовае пакараньне ў Магілёўскай калёніі № 19. Арцём Пракапенка, які быў асуджаны разам з Сырамалотавым і Васьковічам па адной справе — за спробу падпалу дзьвярэй Бабруйскага КДБ, прашэньне падпісаць адмовіўся, паведаміла маці Арцёма спадарыня Віялета:
«Я яму казала, што Павал напісаў прашэньне, я раней ведала пра гэта. Арцём таксама кажа, што, падобна, дакладна напісаў, бо яму кіраўніцтва ставіла ў прыклад Пашу: маўляў, пішы і ты. Але Арцём кажа, што дарма Паша гэта зрабіў. Я ня раз яго прасіла напісаць, бацька ўвесь час кажа, што трэба падпісваць, каб выйсьці адтуль. Але ён кажа: „Не, я ня буду“. І ўсё…»
Віялета Пракапенка распавяла, што яе сын таксама стаў злосным парушальнікам рэжыму і за гэта яго пазбавілі спатканьня з роднымі:
«7 ліпеня павінна было быць тэлефанаваньне, але ён не пазваніў. Прачакала цэлы вечар. Ня ведаю, дзе ён, што зь ім і як. Акрамя ранейшых пакараньняў, яго цяпер пазбавілі кароткатэрміновага спатканьня. Мы зьбіраліся пры канцы ліпеня на спатканьне, а зараз яго забаранілі».
Маці Аляксандра Францкевіча, які адбывае пакараньне ў Івацэвіцкай калёніі, спадарыня Тацяна распавяла, што на яе сына таксама ціснуць:
«Да Сашы зноў прыяжджаў сьледчы, які яго арыштоўваў, Літвінскі, і прапанаваў зноў пакаяцца і напісаць прашэньне. Ведаю дакладна, што пакуль ён нічога не пісаў. Яго і начальнік зоны выклікаў да сябе, казаў — маўляў, „пашкадуй маці“. Хоць я з начальнікам зоны ні разу ня бачылася. Ідзе такі ціск зноў, каб падпісвалі прашэньні. Алё ён нічога ня хоча падпісваць».
Жонка Мікалая Дзядка, які адбывае пакараньне ў Шклоўскай калёніі № 17, Валерыя Хоціна кажа, што ведае пра новыя захады наконт памілаваньня, але да яе мужа ніхто не прыяжджаў:
«Пра Колю я такога ня ведаю. Альбо ён ня можа паведаміць, альбо, хутчэй за ўсё, ніхто не прыяжджае, таму што зразумелі, што няма сэнсу».
Мікалай Дзядок на паўгода зьмешчаны ў так званае «памяшканьне камэрнага тыпу», камэру-адзіночку за тое, што не пагадзіўся выходзіць на працу ў суботу. Зараз ён напісаў скаргу на незаконнае, на яго погляд, зьмяшчэньне ў ПКТ. Трымаецца бадзёра, хоць гэта і няпроста, бо па натуры Мікалай — чалавек надзвычай актыўны, кажа ягоная жонка Валерыя:
«Яму цяжкавата аднаму знаходзіцца пастаянна, тым больш што на працу цяпер ня водзяць. Але ўсе лісты — і да мяне, і да бацькоў — аптымістычныя. Усякі ціск на яго дзейнічае наадварот: маўляў, я атрымліваю чарговае пакараньне, таму што яны слабыя. Піша, вельмі сьмяяўся, калі маці ў адказ з калёніі прыйшоў ліст, што яго перавялі з Магілёва ў Шклоў з той прычыны, што ён дрэнна ўплываў на астатніх зьняволеных. Мікалай казаў: «Для мяне гэта быў проста камплімэнт». Ён і нас рыхтаваў, і сам быў гатовы да рэпрэсіяў. Ён як толькі пераехаў у Шклоўскую калёнію, і нам сказаў, што, маўляў, чакайце, я хутка пераеду ў „крытую калёнію“».
Пакуль Мікалай як злосны парушальнік рэжыму знаходзіцца ў адзіночцы Шклоўскай калёніі. У магілёўскай «крытай турме» № 4 адбывае пакараньне Яўген Васьковіч. Родныя Яўгена ня ведаюць, ці прапаноўвалі яму пісаць прашэньне аб памілаваньні, як іншым палітвязьням.