У Арцёма Пракапенкі ў новай калёніі ўжо 2 парушэньні


Бацькі Арцёма Пракапенкі толькі што вярнуліся з доўгатэрміновага спатканьня з Магілёўскай калёніі, дзе цяпер адбывае 7-гадовае пакараньне іх сын.

Паўтара месяцы таму Арцёма перавялі ў Магілёў са Шклоўскай калёніі. Маці Арцёма спадарыня Віялета распавяла:

«Былі мы двое сутак там. Пасьля спатканьня схадзілі да начальніка калёніі, таму што высьветлілася, што ў гэтай калёніі ў сына ўжо два парушэньні. Адно парушэньне — ён быў у сланцах, і за гэта атрымаў дзяжурства па-за чаргі. А другое парушэньне — ня так павітаўся. Вымову за гэта атрымаў. Карацей, калі захочуць зрабіць злоснага парушальніка — зробяць лёгка».
Арцём у калёніі займаецца спортам, зараз чытае Талстога, на ўмовы ўтрыманьня ня скардзіцца. Але маці перажывае за сына:

«Шчыра кажучы, зьмены зь дзіцем адбываюцца. Паколькі мы яго добра ведаем, то гэта нам відавочна. Разьвіцьця ў тым асяродзьдзі ніякага не адбываецца. Побач сядзіць чалавек, які атрымаў 7 гадоў за забойства, і наш сын сядзіць за пашкоджаньне дзьвярэй на 30 даляраў страты».

Арцём Пракапенка 8 траўня 2011 году асуджаны судом Бабруйску на 7 гадоў пазбаўленьня волі за спробу падпалу дзьвярэй бабруйскага аддзелу КДБ.

Оставьте комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Прокрутить вверх