Арцём Пракапенка нарадзіўся 27 ліпеня 1990 году ў Горадні. Бацькі — праграмісты. Да арышту вучыўся на факультэце мэнэджмэнту Бабруйскай філіі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту.
Узяты пад варту 17 студзеня 2011 году за спробу падпалу ў ноч на 17 кастрычніка 2010 году будынка бабруйскага КДБ, у які былі кінутыя бутэлькі з запальнай сумесьсю. 18 траўня 2011 году разам зь Яўгенам Васьковічам і Паўлам Сырамалотавым асуджаны судом Бабруйску на 7 гадоў пазбаўленьня волі (ч. 2 артыкула 339 — злоснае хуліганства, і ч. 3 артыкула 218 Крымінальнага кодэксу — пашкоджаньне маёмасьці ў асабліва буйным памеры). Адбывае пакараньне ў калёніі № 17 у Шклове.
Арцём — сярэдняе дзіця ў сям’і. У яго яшчэ дзьве сястры. Бацькі зь дзяцінства прышчаплялі адзінаму сыну цікавасьць да спорту, выхоўвалі як сапраўднага мужчыну. Распавядае маці Арцёма спадарыня Віялета:
«У дзяцінстве я яго вадзіла на гімнастыку, ён вельмі рухавы і гнуткі быў. Дзесьці ў першай клясе бацька яго адвёў на шахматы. А ў трэцяй клясе ён пазнаёміўся з трэнэрам па барацьбе і пайшоў у сэкцыю. Грэка-рымскай барацьбой ён займаўся гадоў 5, напэўна».
У школе захапляўся кампутарамі, рок-музыкай, спрабаваў арганізаваць рок-гурт. Старэйшая сястра Арцёма ўжо скончыла ўнівэрсытэт, па прафэсіі эканаміст. Па яе сьлядах пайшоў і ён, кажа маці, спадарыня Віялета:
«Хлопец разумны, але непаседлівы. Ён вучыўся ў гімназіі з ангельскай мовай. У 11 клясе наймалі яму рэпэтытара па матэматыцы. Падавалі дакумэнты ў Менск, у эканамічны ўнівэрсытэт. Але цэнтралізаванае тэставаньне ён слабавата напісаў, на бюджэт ён не праходзіў, толькі на платнае аддзяленьне. У выніку ён паступіў у Бабруйскую філію эканамічнага ўнівэрсытэту, на факультэт мэнэджмэнту, спэцыяльнасьць — эканамічная інфарматыка».
Дарэчы, і малодшая Арцёмава сястра таксама паступіла на эканоміку. Бацькі не пабаяліся адпусьціць Арцёма, спакойнага, хатняга хлопчыка, вучыцца ў другі горад. Ён жыў у Бабруйску ў студэнцкім інтэрнаце, вучыўся даволі пасьпяхова. І ўчынак сына з падпалам дзьвярэй КДБ, і асабліва прысуд — 7 гадоў пазбаўленьня волі — быў для іх як гром сярод яснага неба…
«Я сама была на судзе, я бачыла гэтую пракуроршу, якая іх абвінавачвала, я бачыла судзьдзю, які вёў працэс. Гэта жах… Я крычала потым, пасьля гэтага суду, калі ўсе астатнія маці маўчалі. Я ня вытрымала: «Вы што, ня бачыце, каго вы судзіце? Сапраўды, ёсьць адмарозкі. А гэта нармальныя дзеці, і так перакрэсьліць ім жыцьцё…»
Палітоляг Аляксандар Фядута, што да ўчынку Васьковіча, Сырамалотава і Пракапенкі і прысуду ім, выказаў такое меркаваньне:
«Учынак гэтых маладзёнаў быў сымбалічны, і адказ яны атрымалі сымбалічны. „Вы не задаволеныя, што мы існуем як інстытуцыя? Ну дык атрымайце той максымум, які вы можаце атрымаць. Вы не задаволеныя тым, што мы кантралюем усе вашы дзеяньні? Ну, атрымайце той тэрмін напоўніцу, які мы можам вам даць“. Гэта інстытуцыянальная помста, помста ведамства. Разумееце, калі б яны паспрабавалі такім жа чынам падпаліць ганак, напрыклад, якога-небудзь сельскага клюбу альбо сельскай лазьні, яны б атрымалі як за дробнае хуліганства штраф ці нешта яшчэ А тут — 7 год. Менавіта за тое, што іх учынак быў палітычна матываваны».
Родныя дагэтуль аналізуюць, чаму Арцём пайшоў на такі неардынарны крок — правесьці акцыю салідарнасьці з анархістамі Мікалаем Дзядком, Ігарам Аліневічам і Аляксандрам Францкевічам. Маці Арцёма Пракапенкі спадарыня Віялета выказвае думку, што, можа, лішне начытаўся фантастыкі:
«Зь дзяцінства ён кніжкі чытаў, навуковай фантастыкай захапляўся, асабліва Азімавым, Саймакам. Я яму і ў турму перадала ўсе гэтыя кніжкі. Там яны і засталіся. Можа, ён фантастыкі перачытаў? Можа, у яго і былі нейкія свае ўяўленьні пра грамадзтва, не такія, якія ён бачыў».
А можа, таму Арцём адважыўся на такі ўчынак, што заўсёды імкнуўся быць неардынарным, хоць зьнешне нечым выдзеліцца сярод іншых:
«Ён заўсёды хацеў выдзяляцца. Мог сабе зрабіць іракез, пафарбаваць валасы: то яму трэба было стаць чырвоным, то белым, то чорным. Нават калі мы падавалі дакумэнты ў Менскі ўнівэрсытэт, сядзеў рэктар Бабруйскай філіі, і калі мы сказалі, што туды пойдзем, рэктар кажа: „Добра, нам такія неардынарныя трэба“. Паглядзеў на ягоныя балы — у параўнаньні зь іншымі балы ў Арцёма былі някепскія».
Пасьля спробы падпаліць дзьверы Бабруйскага КДБ Васьковіча, Сырамалотава і Пракапенку зь лёгкай рукі ці то спэцслужбаў, ці то журналістаў сталі называць анархістамі. Адзін з прыхільнікаў анархісцкага руху, гарадзенец Алесь Дзянісаў выказаў такое меркаваньне:
«Першыя рэакцыі ў людзей, блізкіх да анархісцкіх колаў, былі такія: што гэта наагул невядома хто, ці сапраўды яны гэта рабілі, ці хлопцаў проста падставілі? Пра іх ніхто нічога ня ведае, быццам бы іх увогуле няма. Мне падаецца, што міліцыянты і КДБ з самага пачатку пачалі гаварыць: „Ну што вы, якія яны анархісты, звычайныя хлопцы. Давайце вы пойдзеце на супрацоўніцтва, мы тут паціху ўсё замнем…“ А ў выніку нічога не зрабілі. А яшчэ і напалохалі ўсіх: маўляў, вы сядзіце і маўчыце, каб пра іх нічога не ўсплывала».
Калі пра палітвязьняў, якія пацярпелі за 19 сьнежня, распавядалі СМІ, у іх падтрымку ладзілі пікеты, то пра асуджаных за спробы падпалу бабруйскага КДБ сапраўды амаль ніхто ня ведаў. Доўга не ішлі на кантакты з журналістамі і родныя — баяліся, каб не нашкодзіць. Увосень 2011 году беларускія праваабаронцы прызналі Васьковіча, Сырамалотава і Пракапенку, а таксама анархістаў Дзядка, Аліневіча і Францкевіча палітычнымі вязьнямі. Ці былі анархістамі падпальшчыкі дзьвярэй Бабруйскага КДБ? Маці Пракапенкі спадарыня Віялета кажа:
«Можа, ён і хацеў быць нейкім анархістам. Але які зь яго анархіст? У яго толькі майка са знакам анархізму была».
Карэспандэнтка: «Ну, а нейкія працы сур’ёзных тэарэтыкаў анархізму чытаў?»
«Я думаю, што не… Думаю, не».
А вось сяброўка Арцёма Ганна сьцьвярджае адваротнае:
«Арцём называў сябе анархістам, чытаў Крапоткіна, Бакуніна і нават цытаты нейкія зь іх заўсёды прыводзіў. Гэтыя погляды стараўся данесьці да астатніх, мне шмат чаго распавядаў… І іхні ўчынак, як я разумею, быў на знак салідарнасьці зь менскімі хлопцамі».
Падчас сьледзтва спэцслужбы доўга дапытвалі ўсіх знаёмых Арцёма Пракапенкі, аднакурсьнікаў, суседзяў па інтэрнаце. І запалохалі, ды так, што некаторыя былыя блізкія сябры далі паказаньні супраць яго, кажа маці, спадарыня Віялета:
«Ён сябраваў зь Пятровым, які супраць яго даваў паказаньні. Да гэтага гэты хлопец да нас прыяжджаў у госьці пару разоў, яны сябравалі. А потым той даў паказаньні, што Арцём яму прапаноўваў гэта зьдзейсьніць. Адзін такі сябар бабруйскі, і адзін гарадзенскі — Тарасік, якія ўсякую бязглузьдзіцу на яго нагаворвалі, хаця Арцём заўсёды за іх заступаўся».
Сапраўдных сяброў Пракапенкі вельмі абурыў фільм Беларускага тэлебачаньня «Анархія. Прамое дзеяньне». Школьны сябар Аляксандар кажа:
«Што паказала Беларускае тэлебачаньне — там насамрэч вельмі шмат фарсу, як любіць БТ. Я ня думаю, што там большасьць праўды было, таму што гэты матэрыял адназначна быў заказны і сфабрыкаваны. У дачыненьні да Арцёма гэта ўсё бязглузьдзіца на самой справе. Прычым там было яшчэ нешта пра фашызм. Арцём быў заўзятым антыфашыстам, у яго антыфашысцкая пазыцыя».
Дагэтуль многія былыя сябры Арцёма баяцца нават узгадваць пра яго. Закінуць добрае слова пагадзіліся толькі двое. Сяброўка Ганна, якая піша Арцёму лісты ў турму, падтрымлівае яго:
«Чалавек ён надзвычай арыгінальны, цікавы. На яго заўсёды можна спадзявацца. Ён вельмі добры, свабодалюбны. У псыхалёгіі вельмі добра разьбіраўся, добры псыхоляг быў. Да калёніі ён быў вэгетарыянцам, і сярод нас прапаганду вёў вэгетарыянскую. Любіў вандраваць аўтаспынам. Я ў Віцебску вучылася, і ён да мяне прыяжджаў з Бабруйску аўтаспынам. У Менск езьдзіў на канцэрты, у Маладзечна, у Баранавічы».
Школьны сябар Арцёма Аляксандар кажа:
«Цудоўны чалавек быў, заўсёды прыходзіў на дапамогу, адгукаўся на любую просьбу. Ён вучыўся на эканаміста, зь ім на тэмы эканомікі вельмі цікава было размаўляць. Мы перасякаліся на розных канцэртах. Арцём цікавіўся музыкай, пастаянна, так бы мовіць, у тэме быў».
Цяпер Арцём Пракапенка адбывае сямігадовае пакараньне ў Шклоўскай калёніі. І хоць яму рэгулярна дазваляюць тэлефанаваць дадому і няма ў Арцёма, як у іншых палітвязьняў, ніякіх заўвагаў і спагнаньняў, маці вельмі перажывае за сына:
«Там хоць бы выжыць. Арцём ня есьць ні мяса, ні рыбы, на адных кашах сядзіць. Зараз не працуе, кажа, што працы няма».
Пры канцы сакавіка родныя зьбіраюцца ў Шклоў на кароткатэрміновае спатканьне з Арцёмам Пракапенкам.