Затрыманага перад Народным сходам анархіста будуць судзіць за хуліганства

Раніцай 8 кастрычніка ў Менску і вобласці прайшла хваля затрыманняў анархістаў і тых, каго беларускія спецслужбы такімі лічаць. Такім чынам палітычная паліцыя спрабавала не дапусціць іх удзелу ў Народным сходзе.

Анархіст Ігар Трухановіч быў затрыманы без тлумачэння прычынаў. Каб пранікнуць у кватэру сястры Ігара, дзе ён начаваў, міліцыянты зламалі дзвярны замок, не маючы на тое санкцыі. У далейшым на яго быў складзены пратакол за «дробнае хуліганства». Суд па адміністрацыйнай справе адбудзецца ў панядзелак у судзе Менскага раёна.

Актывістаў грамадскай ініцыятывы па барацьбе з галечай «Ежа замест бомбаў» Мікіту Ўласенку і Барыса Ашчэпкава таксама затрымалі раніцай у іх дамах. Іх даставілі ў розныя РУУС Менска, дзе пратрымалі прыкладна да 15 гадзін. Ніякія пратаколы аб затрыманні ці допыце не складаліся.

Валерыі Хоцінай, якая пражывае ў Менскай вобласці, 7 кастрычніка ў 21.50 участковы асабіста прынёс позву на допыт па справе аб крадзяжы мабільнага тэлефона 19 жніўня ў адной з вёсак Дзяржынскага раёну. Валерыя ніколі не наведвала гэтую вёску, таму нават не можа прыгадаць яе назву. Допыт быў прызначаны на 12.00 8 кастрычніка. На допыце дазнавальнік быў асабліва ўсцешаны тым фактам, што Валерыя 8 кастрычніка з 8.00 да 17.00 мусіла знаходзіцца на працы, і нават запісаў гэта ў пратакол. Нагадаем, Валерыя — жонка палітвязня анархіста Мікалая Дзядка.

Яшчэ некалькіх чалавек міліцыянты беспаспяхова шукалі раніцай па адрасах іх рэгістрацыі. Напрыклад, завіталі да маці сябра партыі зялёных Уладзіміра Валодзіна. Некаторым таксама тэлефанавалі на мабільныя тэлефоны.

Восенню 2010 года Ігар Трухановіч, Барыс Ашчэпкаў, Валерыя Хоціна і Уладзімір Валодзін былі затрыманыя на 6 ці 9 дзён як падазраваныя па так званай «справе анархістаў». З таго часу яны знаходзяцца ў «чорных спісах» і перад масавымі мерапрыемствамі да іх заходзіць паліцыя.

Карным органам беларускай дзяржавы не дадзена зразумець: анархісцкі рух па сваёй прыродзе дэцэнтралізаваны ды эгалітарны, і таму знішчыць яго праз рэпрэсіі супраць уяўных «лідэраў» немагчыма.

Анархісты наведалі Народны сход у Менску 8 кастрычніка ў колькасці некалькіх дзясяткаў чалавек. 9 удзельнікаў анархісцкага блоку былі затрыманыя пасля Народнага схода. У Савецкім РУУС у іх узялі адбіткі пальцаў і знялі на відэа, пасля чаго адпусцілі.

Гісторыя рэпрэсій супраць беларускіх анархістаў за апошні год: http://belarus.indymedia.org/20707

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Лимит времени истёк. Пожалуйста, перезагрузите CAPTCHA.