Зміцер Паліенка: «Каб не плаціць штрафы, рэгіструюся рамеснікам»

Былы палітвязень Зміцер Паліенка распавёў, што ціск на яго з боку сілавікоў працягваецца.

“Выпісваюць вялізныя штрафы, хочуць трымаць пад кантролем, – кажа Зміцер. – Першы раз далі штраф у 40 базавых велічынь, а на другі суд я наогул не пайшоў…”

Нагадаем, што былы палітвязень Зміцер Паліенка выйшаў на волю 24 кастрычніка. Пасля гэтага ён павінен быў амаль штодзень з’яўляцца ў Заводскі РУУС, каб слухаць лекцыі, якія тычыліся працаўладкавання.

Некалькі разоў хлопец наведаўся на лекцыі, а затым адмовіўся гэта рабіць. У выніку на актывіста складзена тры адміністрацыйных пратакола па артыкуле 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законнаму патрабаванню супрацоўніку міліцыі).

14 снежня суд Заводскага раёна Мінска прызнаў яго вінаватым у парушэнні артыкула 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законнаму патрабаванню супрацоўнікаў міліцыі) і выпісаў штраф у памеры 40 базавых велічынь.

Яшчэ адно судовае пасяджэнне было прызначана на 19 снежня, але Зміцер Паліенка на яго не з’явіўся.

“Не пайшоў на суд, бо чакаў, што міліцыя сама прыедзе і забярэ мяне, як было мінулым разам, – кажа суразмоўца. – Таму адразу папярэдзіў, што нікуды не збіраюся. Нават і не ведаю, чым закончыўся суд: альбо яго перанеслі, альбо без мяне было вынесена рашэнне. Але на лекцыі хадзіць па-ранейшаму не збіраюся. Скакаць пад іх дудку не буду, а таму знайшоў выйсце з сітуацыі. Ужо падаў дакументы на рэгістрацыю рамеснікам. Як толькі зарэгіструюць, буду лічыцца працаўладкаваным і не абавязаны наведваць ніякія лекцыі ў міліцыі. Спадзяюся, што пасля гэтага да мяне будзе менш увагі з боку сілавікоў”.

Паводле palitviazni.info

Оставьте комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Прокрутить вверх