Урыўкі з дзённіка палітнелегала — гісторыя падзей, якія вымусілі анархіста Дзмітрыя Дубоўскага пакінуць Беларусь. У сваім аповедзе пра палітэміграцыю ён спыняецца на практычных парадах і разважаннях адносна свайго эмігранцкага жыцця ў Расіі. Дзмітрый пакінуў Беларусь восенню 2010, у разгар масавых рэпрэсій у дачыненні анархістаў і іншых сацыяльных актывістаў, асцерагаючыся за сваю волю. Дзіма быў разам з Ігарам Аліневічам, калі таго выкралі з Масквы невядомыя. У яго атрымалася схавацца і надалей знікнуць з радараў беларускіх сілавікоў. Дубоўскага завочна звінавацілі ў суўдзеле ў атацы на апорны пункт міліцыі ў г. Салігорску, атацы на казіно Шангры-Ла і ІЧУ па вул. Акрэсціна.
Анархіст быў затрыманы ў Беларусі ноччу з 28 на 29 кастрычніка 2020 года побач з украінскай мяжой разам са сваімі паплечнікамі Сяргеям Раманавым, Ігарам Аліневічам і Дзмітрыям Рэзановічам. Іх абвінавачваюць у тэрарызме і незаконным трыманні зброі за напады на камітэт судэкспертыз і пракуратуру ў Салігорску і падпал будынка ДАІ ў Мозыры. Зараз Дзіма ўрымліваецца ў СІЗА КДБ у Мінску.