Напачатку красавіка з шклоўскай калоніі №17 выйшаў удзельнік антыфашысцкага руху Вадзім Бойка, асуджаны на 4 гады па знакамітай «справе антыфашыстаў». Мы паразмаўлялі з Вадзімам аб ягоным тэрміне, прэсінгу спецслужбаў і антыфашысцкім руху.
Нагадаем, за бойку з фанатамі «варожага» клуба група заўзятараў МТЗ-РІПА атрымала ад 3 да 10 год зняволення. Справа насіла відавочна палітычны характар — аднаму з асуджаных, Іллю Валавіку, нават быў прыменены артыкул 193.1 Крымінальнага кодэксу (Незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага аб’яднання, артыкул адменены ў 2018 годзе).
— Як першыя ўражанні аб волі?
— Выдатныя! Воля ўсё ж такі!
— Як ты ацэньваеш праз час усё, што адбылося ў тым тралейбусе ў 2014 годзе?
— Насамрэч, тое, што мы зрабілі, не адпавядае таму пакаранню якое нам прызначылі, асабліва Цехановічу і Валавіку, якім далі 6 і 10 год адпаведна.
— А чаму было такое пакаранне? Пэўна, калі б пабіліся п’яніцы пад крамай, яны б не атрымалі такія тэрміны…
— Відавочна, што гэта была замова. Чыя? Вышэйшага кіраўніцтва нашай краіны. Справа была скіравана супраць нашага антыфашысцкага руху.
А чаму рух, на твой погляд, уяўляў пагрозу? Ці, можа, і дагэтуль небяспечны?
— Ужо, напэўна, не мае ніякай пагрозы. Таму што ўжо як такога руху няма ў краіне. Аднак уяўляў — мусіць, таму, што ў ім была вельмі вялікая колькасць людзей. Адбываліся трэніроўкі, бойкі з іншымі фанатамі па прынцыпах ідэалогіі. Вальнадумства было — многія заўзятары «Партызана» былі анархістамі. І ад таго прадстаўлялі пэўную пагрозу для ўладаў. Большасць нашых футбольных рухаў знаходзілася пад міліцыяй, а наш заставаўся адзіным, які быў непадкантрольным ніякім структурам.
— А як гэты рух набраў такую папулярнасць?
— Лепей пацікавіцца ў тых, хто быў у руху з года 2004-га. Але я думаю, ад таго, што была свабода слова, свабода выбару. Мы былі «зараджаныя» на спорт, былі і сацыяльныя праекты: і паездкі ў дзіцячыя дамы, і роварныя акцыі, і «Ежа замест бомбаў». Збіраліся неаднаразова прыбіраць лес. Той жа суботнік, але не па прымусе! І многія іншыя рухі фанатаў пачалі займацца падобным, пабачыўшы, што гэтым займаецца МТЗ-РІПА. Так што было бачна, што гэта быў моцны рух. Альтэрнатыва таму, што прапануе дзяржава.
— А сам ты як прыйшоў у гэты рух?
— Я наведаў, яшчэ калі МТЗ-РІПА грала ў кубку УЕФА, фанацкі сектар. Пазнаёміўся з хлопцамі. Ідэі спадабаліся. Я і тады, і зараз лічыў, што гэта правільныя ідэі. Пачаў заўзець за футбольны клуб, уваходзіць у гэты новы свет, так бы мовіць. Гэта было ў 2007-2008 годзе.
— А ты калі прыходзіў, чакаў, што гэта можа скончыцца турмой?
— Не, нават не здагадваўся.
— Падчас адсідкі ты сябе ідэнтыфікаваў як палітзняволенага?
— Вядома.
— А сустракаўся з іншымі палітвязнямі?
— Не. Аднак асуджаныя, якім я расказваў пра сваю справу, былі вельмі незадаволеныя дзеяннямі сілавікоў і лічылі, што справа фальсіфікаваная. Увогуле стаўленне ад арыштантаў было добрае, ніхто, мне падаецца, і не думаў нічога кепскага. Бо, як я і сказаў на судзе, быць фашыстам — гэта няправільна.
— А ці даводзілася перасякацца з ультраправымі фанатамі? Як у вас складваўся дыялог?
— Мы былі ў даволі шчыльных адносінах. Бо калі трапляеш у турму, у многіх змяняюцца погляды. Агульным ворагам робяцца супрацоўнікі міліцыі.
— А ці быў уціск з боку адміністрацыі калоніі ці турмы? Вядома, да палітычных у зонах стаўленне асаблівае…
— Так, ездзіў у ШІЗА, спрабавалі прымусіць прыбіраць туалет…
— Ты быў у розных калоніях. З чым звязваеш гэты перавод?
— Так, спачатку на ПК-2 потым перакінулі на ПК-17. Была размова з супрацоўнікам ПК-2. Ён мне сказаў: маўляў, расказвай, што ў цябе было на свабодзе — з кім стасаваўся, з кім сябраваў. Я адмовіўся. Акрамя таго, на ПК-2 сядзеў пацярпелы па маёй крымінальнай справе, фанат «Тарпеда». Дарэчы, мы былі ў нармальных стасунках. Яму было сорамна, што з-за іх, хаця яны не пісалі заяву, нас пасадзілі.
— Дык гэты перавод планаваўся як пакаранне?
— Магчыма, але для мяне гэта стала болей чым плюсам. Таму што ПК-2 лічыўся «паказальным» лагерам. А за тыдзень да пераводу да мяне прыехаў супрацоўнік ГУБАЗіК, які пагражаў, што мяне на ПК-17 чакае ледзь не пекла. Але гэта так не было. Хаця і там мяне некалькі разоў садзілі ў ШІЗА. Напрыклад, за некалькі тыдняў да вызвалення я адсядзеў 13 сутак у ШІЗА.
— Табе дапамагалі таварышы падчас адсідкі?
— Так. Былі і лісты, і пасылкі. Усё было добра, вялікі ім дзякуй за гэта.
— Чым займаўся ў зняволенні?
— Працаваў —— выводзілі раз на тыдзень. Чысціў дрот. Астатні час у атрадзе — былі «зомбі—лекцыі». Яны дасталі да такой ступені, што ўжо немагчыма было на іх сядзець… Ну, а так — чытаў кнігі, хадзіў на стадыён.
— Ужо маеш нейкія планы?
— Вядома. Планую ўладкавацца на працу, бо трэба ўтрымліваць сябе і сям’ю. Не сядзець на чымсьці карку. Займацца спортам. А далей будзе бачна. Магчыма, з’еду з гэтай краіны.
— Многіх людзей турма прымушае пераасэнсаваць свае погляды. Ці можаш сказаць, што твае погляды змяніліся падчас зняволення?
— Не.