Мікалай Дзядок абскарджваў затрыманне ў намётавым лагеры і атрымаў новы пратакол

10 мая ў судзе Партызанскага раёна актывіст і журналіст «Новага Часу» Мікалай Дзядок павінен быў даведацца, якое рашэнне суд вынесе па яго скарзе на адмову Следчага камітэту разглядаць заяву аб здзяйсненні злачынства. Аднак на абвяшчэнні прысуду яму прысутнічаць не далі.

Згаданае пасяджэнне тычылася адмовы СК праводзіць праверку адносна нападу на лагер анархістаў у лесе пад Крупкамі летам 2018 года. Замест правядзення праверкі і ўзбуджэння ці адмовы ва ўзбуджэнні крымінальнай справы СК перанакіраваў заяву ў МУС як звычайны зварот грамадзяніна.  

Перад тым, як звярнуцца ў суд, Мікалай Дзядок разам з адвакаткай накіравалі каля дзясятка скаргаў у розныя сілавыя структуры. Але СК усімі метадамі ўхіляўся ад таго, каб разглядаць зварот актывіста як заяву аб здзяйсненні злачынства згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам. Пры тым, што падчас самога пасяджэння прадстаўнік СК адказваў на пытанні вельмі слаба і няўпэўнена. У яго не было нават ніякіх пярэчанняў па сутнасці, таму ўсё, што ён рабіў, — чапляўся да словаў і фармулёвак.

Падчас пасяджэння Мікола Дзядок з адвакаткай змаглі азнаёміцца з вынікамі праверкі, якую нібыта правёў СК. З матэрыялаў вынікае, што ўся гісторыя з затрыманнем анархістаў у Крупках — гэта ўсяго толькі рэакцыя мясцовых сілавікоў на незаконную вырубку дрэваў.

Вакол гэтай легенды была пабудаваная ўся праверка СК. У іх не было згадак ні пра ГУБАЗіК (Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй), ні пра САХР (спецыяльны атрад хуткага рэагавання), хаця апошні даў адказ, што яны там былі і выконвалі баявую задачу — гэта ёсць у матэрыялах справы, — распавёў Мікалай Дзядок.

У тых жа матэрыялах ёсць тлумачэнні следчых, дзе гаворыцца, што ніхто з затрыманых не выказваў прэтэнзій да супрацоўнікаў міліцыі. Хоць Дзядок сцвярджае, што затрыманыя пяць гадзін запар стаялі на каленях, а за якое-кольвечы слова ці паварот галавы іх білі. Таксама ў тых жа тлумачэннях сказана, што на месца прыехаў адзін следчы, які ўбачыў намётавы гарадок і тут жа ў адзіночку затрымаў 17 чалавек.

Падчас спрэчак бакоў актывіст заўважыў, што ўся справа дэманструе выключны цынізм карных органаў — так ён называе тыя інстанцыі, якія афіцыйна завуцца праваахоўнымі. На яго думку, гэта была спецаперацыя супраць мірнага сходу анархістаў, якія сабраліся толькі для абмеркавання сваіх спраў, але былі беспадстаўна і гвалтоўна затрыманыя.

—Паколькі гэта быў мірны сход — там не было ні зброі, ні наркотыкаў, інакш мы б ужо ведалі пра шмат крымінальных справаў, — ім (сілавікам. – НЧ.) трэба неяк апраўдацца за свае дзеянні. Але я лічу, што гэта быў чарговы акт дзяржаўных рэпрэсій супраць нязгодных людзей, да таго ж здзейснены з вялікім цынізмам і парушэннем правоў чалавека.

Мікола Дзядок падкрэсліў, што не верыць у справядлівасць рашэнняў беларускага правасуддзя, але збіраецца працягваць змагацца і дамагацца прыцягнення да адказнасці ўсіх, хто меў дачыненне да затрымання анархістаў у лесе.

Праўда, якім бы ні было рашэнне суда, яго актывіст даведацца так і не змог.

— У перапынку да мяне падышлі два супрацоўнікі Фрунзенскага РУУСа і сказалі, што мне трэба паехаць з імі ў ваенкамат. Я сказаў, што нікуды не паеду, бо мушу дачакацца рашэння, да таго ж у мяне пасля суда запіс да лекара. На што яны адказалі, што на мяне аформлены прымусовы прывад. Такім чынам мяне забралі наўпрост з суда, адвезлі ў Фрунзенскі ваенкамат, дзе склалі пратакол за няяўку па позве. Варта дадаць, што яе мне ўручылі падчас мінулага суда. Там было напісана, што я мушу сёння з’явіцца ў ваенкамат у прыкладна той жа час, на які быў прызначаны суд. Я паведаміў пра гэта, але ніякай увагі на гэта не звярнулі, і ў выніку сёння я атрымаў чарговы пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Крыніца

Оставьте комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Прокрутить вверх