Адміністрацыйная справа Зміцера Паліенкі адпраўлена на дапрацоўку

За «непадпарадкаванне міліцыі» актывіста анархісцкага руху так і не асудзілі, затое супраць групы падтрымкі быў выкліканы нарад дэпартаменту аховы.

Сёння ў 11.00 меў адбыцца суд над анархістам і былым палітвязнем Зміцерам Паліенкам. На яго быў складзены пратакол паводле арт. 23.4. КААП: «Непадпарадкаванне законнаму патрабаванню супрацоўніка міліцыі». Актывіст адмовіўся наведваць лекцыі, прызначаныя яму ў мясцовым РУУСе пасля вызвалення. Ён сцвярджае, што ўскладзены на яго абавязак штодзень хадзіць на «прафілактычныя мерапрыемствы» — незаконны.

Падтрымаць Зміцера сабралася каля 20 чалавек: грамадскія актывісты і ягоныя паплечнікі.

З самога пачатку супрацоўнікі суда вельмі нервова аднесліся да наяўнасці ў судзе супрацоўнікаў прэсы. Да аўтара гэтых радкоў падышла спачатку ахоўніца з прапускнога пункту Ганчарык Марына Русланаўна, потым сакратарка суда — абедзве патрабавалі спыніць здымкі, спачатку патрабуючы «акрэдытацыю», а потым «дазвол», маўляў, «здымкі ў судзе дазволеныя толькі з дазволу старшыні суда», а той «згоды не даваў». Трохі пазней пачаліся размовы аб «унутранай інструкцыі», якая, нібыта, забараняе здымкі ў залі. На просьбу паказаць яе аўтару радкоў было адмоўлена. «Гэта ўнутраны дакумант», — сказала сакратарка.

Вядома, гэтае патрабаванне з’яўляецца незаконным, і аб ягоным выкананні не магло ісці і гаворкі. здымкі могуць быць забароненыя толькі ў зале падчас судовага паседжання па адмысловым рашэнні суддзі. У астатнім жа журналіст можа выконваць сваю працу паўсюль, дзе лічыць патрэбным.

Да спробаў замінаць працы журналіста далучыўся ціхар у цывільным (хутчэй за ўсе, афіцэр мясцовага РУУС), які пільна здымаў на відэакамеру ўсіх прысутных. Ці варта казаць, што гэтыя здымкі ніякіх нараканняў у супрацоўніц суда не выклікалі? Ціхар жа, пабачыўшы журналіста, скамандаваў супрацоўніцам суда выклікаць нарад. Праз некалькі хвілін у будынак увайшла каманда Дэпартаменту аховы МУС у шаломах.

Самога ж суда як такога не адбылося — пасля наведвання судовага кабінету Зміцер Паліенка даведаўся, што пратаколы адпраўленыя ў міліцыю на дапрацоўку з-за знойдзеных у іх парушэнняў. Адпаведна, паседжанне будзе перанесена.

На выхадзе з будынку суда супрацоўнікі міліцыі спынілі аўтара гэтых радкоў, запатрабавалі дакументы, спрабуючы даводзіць незаконнасць здымак. Пасля кароткай спрэчкі (супрацоўнікі міліцыі, вядома, не змаглі паясніць, чаму раптам для здымак у судзе патрэбны нейкі дазвол), яны абмежаваліся перапісваннем дадзеных. Старшы прапаршчык Сучкоў Усевалад Юр’евіч заявіў: «если в социальных сетях появится видео, дискриминирующее сотрудников правоохранительных органов, на вас будет подано заявление в суд». Відаць, міліцыянты хочуць ўжо зараз карыстацца пладамі закона, які б забараняў здымкі людзей без іх згоды, хаця сам закон яшчэ не прыняты.

Спрэчка групы падтрымкі Паліенка з міліцыянтамі (якія да таго ж вырашылі перапісаць дадзеныя ўсіх, хто здымаў іх на смартфон) працягвалася яшчэ паўгадзіны.

Крыніца

Оставьте комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Прокрутить вверх