Лекаванне Зміцера Паліенкі ў Жодзіна працягваецца

“Бліжэйшы этап будзе 18 красавіка, магчыма, вырашаць накіраваць Змітра назад, у Бабруйскую калонію”, – распавяла сайту palitviazni.info сяброўка палітвязня Марына Насенка.

Нагадаем, што 27 сакавіка Зміцера Паліенку перавялі з Бабруйскай калоніі, дзе адбывае пакаранне палітычны зняволены, у лякарню ў Жодзіна. Хлопец меў сур’ёзныя праблемы са здароўем (больш за 7 месяцаў не загойвалася рана на назе), але мясцовыя турэмныя ўрачы ніяк не маглі паставіць дыягназ.

“Лекаванне ў Жодзіна працягваецца, – кажа Марына Насенка. – Бліжэйшы этап будзе 18 красавіка, таму, магчыма, вырашаць менавіта гэтым этапам везці Змітра назад. У лякарні, натуральна, умовы лепшыя, чым у калоніі, але ж тут выбіраць не даводзіцца”.

Са слоў Марыны Насенка, Зміцер з нецярпеннем чакае заканчэння тэрміна адбыцця пакарання, які павінен скончыцца 24 кастрычніка гэтага году.

Але хацелася б, каб грамадская салідарнасць дапамагла вызваліць яго раней”, – дадае суразмоўца.

***

Зміцер Паліенка – сацыяльны актывіст з Мінска. Нагодай для крымінальнага пераследу стаў ягоны ўдзел у мірным сходзе “Крытычная маса”, які адбываўся 29 красавіка 2016 г. у Мінску і быў гвалтоўна спынены міліцыяй.

12 кастрычніка 2016 года судом Цэнтральнага раёна г. Мінска прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў) і часткай 2 артыкула 343 КК (выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару). Паводле прысуда, З. Паліенка быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады.

7 красавіка 2017 года судом Заводскага раёна г. Мінска разгледжана прадстаўленне органа, які ажыццяўляе кантроль за паводзінамі асуджанага (хутчэй за ўсё, УУС Заводскага раёна), і адменена адтэрміноўка выканання пакарання. У сувязі з гэтым, без права на абскарджванне, актывіст падлягае накіраванню ў папраўчую калонію для адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1,5 гады (з улікам часу ўтрымання пад вартай да суду ў 2016 годзе).

palitviazni.info

Оставьте комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Прокрутить вверх