У судзе Ленінскага раёна Берасця сёння пачынаецца разгляд адміністрацыйных спраў затрыманых 5 сакавіка прадстаўнікоў анархісцкага руху, якія бралі актыўны ўдзел у Маршы недармаедаў.
Справы разгладае суддзя Аляксандр Семянчук. Як стала вядома праваабаронцам, учора вечарам у Берасці на кватэрах супрацоўнікі міліцыі затрымалі 5 прадстаўнікоў анархічнага руху. Ноч яны правялі ў ІЧУ Ленінскага РАУСа.
Суды пачаліся пасля 17 гадзін. Чатырох анархістаў прывезлі ў суд у аўтазаку. Ахоўвае каля 10 міліцыянтаў.
Вядома, што пакуль судзяць толькі аднаго з анархістаў — Аляксандра К. Справу разглядае суддзя Аляксандр Семянчук. Аляксандра абвінавачваюць па арт. 23.34 КаАП. Абвінавачанне ў перакрыцці праспекту суддзя адпрэчыў «за недаказанасцю віны». Пастанова суддзі — 4 сутак арышту. Паралельна ідуць суды і над іншымі затрыманымі. Руслану Х. суддзя Дзмітрый Шурын “адмераў” 5 сутак арышту па ч.1 арт. 23.34 КаАП, наступны – Дзмітрый Л. Сведка кажа, што апазнаў яго па адзенні: чорны заплечнік, чорныя штаны і байка (!). Справу разглядаюць нават пасля 20 гадзін вечара. Вырак — 5 сутак арышту па арт. 23.34 КаАП РБ.
Пад час суду над Андрэем Д. сведка, супрацоўнік міліцыі заявіў, што апазнаў Андрэя па форме твару, паколькі ён быў у чорнай масцы. А Андрэй кажа што выпадкова праходзіў побач з мерапрыемствам. Сведкі прадстаўляюць суду дыскі з відэазапісам падзей. Аднак файлы не праглядаюцца. Суддзя не прымае абвінавачанне па артыкуле 17.1 (дробнае хуліганства) за недаказаннасцю віны і выносіць пастанову — 5 сутак арышту па арт.23.34 КаАП.
Па інфармацыі ПЦ “Вясна”, на прадстаўнікоў анархісцкага руху пасля акцыі ўчынілі сапраўднае паляванне па ўсім горадзе.
Анархісты ў колькасці паўтары дзесяткі чалавек, па-сутнасці, былі самымі арганізаванымі на акцыі пратэсту і здолелі павесці за сабой астатніх удзельнікаў мітынгу.