Адзін з затрыманых напачатку года ў клубе “Піраты” ўдзельнік панк-канцэрта Яўген Жураўскі паскардзіўся ў Кастрычніцкі РАУС Мінска на факт адабрання ў яго кампакт-дыскаў, аўдыёкасет і вінілавых кружэлак. Адказ праваахоўнікаў уразіў не толькі юнака, але і праваабаронцаў.
Вечарам10 студзеня ў мінскі клуб “Піраты”, дзе адбываўся панк-канцэрт, уварваліся супрацоўнікі міліцыі і АМАПу ў масках, якія паставілі усіх тварам да сценкі, а некаторых паклалі на падлогу. Не знайшоўшы наркотыкаў, супрацоўнікі міліцыі затрымалі некалькі чалавек, у тым ліку і Жураўскага, які мелі пры сабе дыскі і вінілавыя кружэлкі з панк-музыкай. Атрыбутыку і дыскі забралі на экспертызу на наящнасць экстрэмізму, а юнаку вынеслі афіцыйнае папярэджанне і без ацэнкі экспертаў, проста так, “пра запас”.
16 студзеня была прызначаная экспертыза на наяўнасць у канфіскаваных кампакт-дысках, аўдыёкасетах і вінілавых кружэлках прыкметаў экстрэмізму і анархізму(!). Гэтыя рэчы былі перададзеныя Рэспубліканскай экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі Міністэрства інфармацыі Беларусі.
З адказу Упраўлення ўнутраных спраў адміністрацыі Ленінскага раёна Менска на скаргу уладальніка канфіскаваных музычных носьбітаў Жураўскага, стала вядома, што 15 кастрычніка (роўна праз 9 месяцаў!) ў Ленінскі РУУС прыйшоў ліст з Міністэрства інфармацыі, у якім паведамляецца, што Рэспубліканская экспертная камісія працягнула тэрміны экспертызы на нявызначаны тэрмін:
“У цяперашні час Міністэрства інфармацыі сумесна з Міністэрствам культуры вышуквае магчымасць аб вызначэнні у найкарацейшыя тэрміны спецыяліста для правядзення вышэйзгаданай экспертызы”.
Як быццам у спецыялістаў двух міністэрстваў такіх магчымасцей не знаходзілася раней! Пры гэтым эксперты пералічваюць надзіва прымітыўныя падставы для прыняцця рашэння аб падаўжэнні тэрмінаў экспертызы:
адсутнасць у складзе камісіі спецыяліста па замежных мовах (у прыватнасці – польскай мовы);
адсутнасць тэхнічных сродкаў для праслухоўвання вінілавых кружэлак.
Юрыст Павел Сапелка здзіўлены тым што міліцэйскае начальства “запісала” да экстрэмістаў і прадстаўнікоў анархісцкага руху, а папярэджанні выносяцца без высновы экспертаў:
“Ленінскі РУУС сталіцы марыць, відавочна, пра тыя часы, калі пераследваць можна будзе не толькі экстрэмістаў, але і панкаў, анархістаў, будыстаў, а заадно і металістаў. Толькі такія часы ўжо былі, і мы памятаем, чым скончыліся.
Дзяржаўныя органы мяркуюць, што ёсць шмат вельмі важных прычын, чаму не вернута маёмасць грамадзяніну па прыналежнасці і працягвае дзейнічаць афіцыйнае папярэджанне: у краіне-суседцы Польшчы няма спецыяліста па польскай мове (ды што там, наогул спецыяліста па замежных мовах няма!); і аснашчанасць камісіі сягае так далёка ў лічбавую будучыню, што тэхнічныя сродкі для праслухоўвання вінілавых пласцінак (патэфоны і іншыя прайгравальнікі, калі хто не ў курсе) засталіся толькі ў памяці экспертаў. З патэфонам зразумела, а вось са спецыялістам — не: няма таго, хто зразумее польскую мову ці таго, хто зразумее яе так, як трэба ў мэтах палітычнага вышуку?
Вось і чакае нам. начальніка РУУС, пакуль праслухаюць пласцінку; а папярэджанне — няхай пакуль будзе, глядзіш — знойдзецца “патрэбны” спецыяліст, і адмяняць нічога не давядзецца.
Ну а па сумным законе “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму”, грамадзяніну аб’яўляецца афіцыйнае папярэджанне пры выяўленні прыкмет падрыхтоўкі да здзяйснення ім экстрэмісцкіх дзеянняў, а не пры ўзнікненні неабгрунтаваных (і нават абгрунтаваных) падазрэнняў.
Той жа закон дае права асобе, якой яно абвешчана, абскардзіць яго вышэйстаячай службовай асобе адпаведнага дзяржаўнага органа, які ажыццяўляе супрацьдзеянне экстрэмізму, або ў суд у парадку абскарджання дзеянняў дзяржаўных органаў і службовых асоб, якія ўшчамляюць правы грамадзян”.
Нагадаем, 12 студзеня затрыманыя наведвальнікі клуба “Піраты” былі прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасці па артыкуле 17.1. “Дробнае хуліганства”. Два іншыя пратаколы, складзеныя на яшчэ двух затрыманых па арт. 17.11 “Выраб, распаўсюд і (альбо) захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў”, былі адпраўлены на дапрацоўку ў РУУС. Як бачым, “дапрацоўка” зацягнулася на 9 месяцаў.
https://spring96.org/be/news/81129