Палітвязень Ігар Аліневіч ізноў кінуты ў ШІЗА. Гэта, як мінімум, пятае пакаранне карцэрам за апошнія паўгады, што ён правёў у калоніі “Віцьба”.
Аб тым, што Ігар Аліневіч ізноў знаходзіцца ў ШІЗА, паведаміла яго маць – Валянціна Аліневіч.
“Ад Ігара на працягу месяца няма ні лістоў, ні тэлефанаванняў, таму я сёння вырашыла сама патэлефанаваць дзяжурнаму па калоніі. Верагодна, я застала яго знянацку, і ён адразу паведаміў мне, што Ігар знаходзіцца ў ШІЗА. Нават не рабіў выгляд, што не ведае, хто гэта. Звчайна на такія тэлефанаванні адразу не адказваюць, просяць ператэлефанаваць праз пэўны час, абяцаюць высветліць”.
Пра афіцыйныя прычыны чарговага пакарання Ігара Аліневіча маці нічога не вядома.
Актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч асуджаны на 8 год зьняволеньня, нібыта, “за хуліганскія дзеяньні адносна афіцыйных будынкаў”. Сваёй віны палітвязень не прызнаў. Адмовіўся і пісаць прашэньне аб памілаваньні. За кратамі напісаў кнігу пра ўтрыманьне ў СІЗА КДБ «Еду ў Магадан».
Ігар Аліневіч раней адбываў пакараньне ў калоніі ў Наваполацку, якая лічылася самай дрэннай паводле экалогіі. Ў пачатку году было прынятае рашэньне аб яе расфармаваньні. У сярэдзіне ліпеня стала вядома, што Ігар Аліневіч этапаваны у калонію “Віцьба”. А ужо праз невялікі час на палітвязня пачаўся моцны ўціск і ён правеў цэлы месяц у ШІЗА. Пазней быў ізноў пакараны карцэрам па надуманым абвінавачванні. Да гэтага часу было вядома, што меньш, чым за паўгады ў “Віцьбе”, Ігар Алінеевіч правёў сорак сутак у ШІЗА.
Ігар Аліневіч прызнаны палітвязнем міжнароднай і беларускай праваабарончай супольнасцю.