Тыповую для вязьняў з савецкіх часоў працу атрымаў у калёніі «Віцьба-3» палітвязень Ігар Аліневіч, піша Радыё Свабода.
Ягоны бацька Ўладзімер Аліневіч яшчэ дакладна ня ведае, што менавіта робіць ягоны сын, якога ў «Віцьбу-3» перавялі толькі ў ліпені:
«Нешта робіць на дрэваапрацоўцы, але што дакладна, ня ведаю. У нас жа пакуль не было ані доўгатэрміновага, ані кароткага спатканьня. Вось падчас першага ў гэтай калёніі спатканьня распытаем больш падрабязна, што робіць. Пакуль ведаю, што з дрэвам працуе».
Паводле Ўладзімера Аліневіча, у калёніі пад Віцебскам ягонаму сыну ўжо выдалі тэлефонную картку, і ён можа хоць зрэдку, але рэгулярна тэлефанаваць дадому. У наваполацкай калёніі, дзе Ігар Аліневіч адбыў больш за 3 гады, гэтай магчымасьці ён фактычна быў пазбаўлены. Рэгулярна ад Ігара Аліневіча даходзяць і лісты.
Актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч быў асуджаны на 8 гадоў зьняволеньня па абвінавачаньні ў хуліганскіх дзеяньнях адносна афіцыйных будынкаў. Сваёй віны Аліневіч не прызнаў і адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні.