Пасля вызвалення над Аляксандрам Францкевічам будзе ўсталяваны шасцімесячны міліцэйскі нагляд. Палітвязень выйдзе на волю 3 верасня. Пра гэта Беларускаму Радыё Рацыя паведаміла маці зняволенага анархіста Таццяна Францкевіч. Яна разам з адвакатам ездзіла да сына ў калонію на суд, які сёння прымаў рашэнне пра тэрмін нагляду.
— У нас вырашылася ўсё цудоўна. Мы нават не чакалі такога выніку. Адміністрацыя прасіла два гады нагляду, а суддзя дала паўгода. Сын выйдзе на волю 3 верасня. Гэта дакладна. Так што паедзем сустракаць.
Аляксандр Францкевіч быў асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі па так званай “справе анархістаў”. Адбывае пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі “Воўчыя норы”.