Адвакат спрабаваў пераканаць свайго падабароннага, каб той напісаў прашэньне аб памілаваньні. Арцём катэгарычна адмовіўся. Нават канваір, што прысутнічаў пры сустрэчы, кінуў рэпліку, што і не падазраваў, што Арцём такі ўпарты.
Родныя хлопца занепакоеныя інфармацыяй пра тое, што ва ўстановах пэнітэнцыярнай сыстэмы пачасьціліся выпадкі захворваньняў на сухоты. Арцём Пракапенка сказаў, што за год яму рабілі флюараграфію 7 разоў.
Арцём Пракапенка разам зь Яўгенам Васьковічам і Паўлам Сырамалотавым асуджаны судом Бабруйску за спробу падпалу дзьвярэй КДБ на 7 гадоў пазбаўленьня волі (частка 2 артыкула 339 — злоснае хуліганства, і частка 3 артыкула 218 Крымінальнага кодэксу — пашкоджаньне маёмасьці ў асабліва буйным памеры). Пракапенка адбывае пакараньне ў калёніі № 19, Васьковіч — у турме № 4 Магілёва. Павал Сырамалотаў у чэрвені 2012 году напісаў прашэньне аб памілаваньні і 27 верасьня быў вызвалены.