Ні пасьведчаньне аб нараджэньні, дзе запісана, што Мікалай Дзядок нарадзіўся 23 жніўня 1988 году ў Брагіне, ні даведкі зь месца працы бацькі (а ён у той час працаваў пракурорам Брагінскага раёну), ні выпіскі з ваенкамату, што бацька стаяў там на воінскім уліку, ні сьведкі, які пацьвярджалі, што Мікалай у дзяцінстве жыў з бацькамі ў Брагіне, не пераканалі судзьдзю.
Такі чынам, суд адмовіў у прызнаньні Мікалая Дзядка чарнобыльцам. І на яго не распаўсюджваецца Закон аб амністыі 2010 году, згодна зь якім асобы, што пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС і маюць адпаведныя пасьведчаньні, вызваляюцца зь месцаў пазбаўленьня волі ад любога крымінальнага пакараньня са зьняцьцём судзімасьці.
Мікалай Дзядок асуджаны на 4,5 году па справе так званых анархістаў разам зь Ігарам Аліневічам і Аляксандрам Францкевічам. Дзядок адбывае пакараньне ў Шклоўскай калёніі № 17. За шматлікія парушэньні рэжыму ён 5 месяцаў таму быў зьмешчаны на паўгоду ў памяшканьне камэрнага тыпу — камэру-адзіночку, пазбаўлены спатканьняў з роднымі, перадачаў і так званай «атаваркі». Двойчы з ПКТ ён трапляў у штрафны ізалятар. Тэрмін ізаляцыі Дзядка ў камэры-адзіночцы сканчаецца 13 сьнежня. Калі ня будзе парушэньняў рэжыму, Мікалая перавядуць у агульную камэру.