Створаная ў другой палове 20 стагодзьдзя папраўчая калёнія № 15 знаходзіцца на ўскрайку Магілёва, побач з паселішчам Вейна. Сваякі асуджаных і былыя сядзельцы кажуць пра яе як пра адну з найлепшых з гледзішча бытавых умоваў. Жывуць зьняволеныя ў памяшканьнях інтэрнатаўскага тыпу. На тэрыторыі калёніі — гатэль-інтэрнат для працяглых спатканьняў. У кожным атрадзе ёсьць тэлевізар, DVD. Тое ж самае плюс мікрахвалёўка — у пакоях для працяглых спатканьняў. Адны суткі на дзьвюх асобаў (блізкія плацяць як за сябе, так і за асуджанага) каштуюць каля 100 тысяч рублёў. Лічыцца, што гэта адзін з самых дарагіх падобных гатэляў у Беларусі.
Тыя асуджаныя, якія працуюць на прамзоне, вырабляюць мэблю, паддоны, розную драўляную ды мэталічную прадукцыю, а таксама акварыюмы. Гэткія акварыюмы з рыбкамі, дарэчы, ёсьць у кожным атрадзе. Ёсьць яшчэ ў калёніі свае швейная майстэрня ды пякарня. Да паслугаў нявольнікаў — гурткі па інтарэсах. Аднак большасьць ЗК праводзяць вольны час за тэлевізарам, гутаркамі ды гарбатай. Некаторыя ходзяць у праваслаўную царкву, што таксама на тэрыторыі ПК.
Створаная ў другой палове 20 стагодзьдзя папраўчая калёнія № 15 знаходзіцца на ўскрайку Магілёва, побач з паселішчам Вейна. Сваякі асуджаных і былыя сядзельцы кажуць пра яе як пра адну з найлепшых з гледзішча бытавых умоваў. Жывуць зьняволеныя ў памяшканьнях інтэрнатаўскага тыпу. На тэрыторыі калёніі — гатэль-інтэрнат для працяглых спатканьняў. У кожным атрадзе ёсьць тэлевізар, DVD. Тое ж самае плюс мікрахвалёўка — у пакоях для працяглых спатканьняў. Адны суткі на дзьвюх асобаў (блізкія плацяць як за сябе, так і за асуджанага) каштуюць каля 100 тысяч рублёў. Лічыцца, што гэта адзін з самых дарагіх падобных гатэляў у Беларусі.
Тыя асуджаныя, якія працуюць на прамзоне, вырабляюць мэблю, паддоны, розную драўляную ды мэталічную прадукцыю, а таксама акварыюмы. Гэткія акварыюмы з рыбкамі, дарэчы, ёсьць у кожным атрадзе. Ёсьць яшчэ ў калёніі свае швейная майстэрня ды пякарня. Да паслугаў нявольнікаў — гурткі па інтарэсах. Аднак большасьць ЗК праводзяць вольны час за тэлевізарам, гутаркамі ды гарбатай. Некаторыя ходзяць у праваслаўную царкву, што таксама на тэрыторыі ПК.
Сёньня ў папраўчай калёніі № 15 — больш за 2,5 тысячы асуджаных-першаходаў. Сярод іх два палітвязьні: Зьміцер Бандарэнка і Мікола Дзядок.Адрас:212013, Магілёў, Слаўгарадзкая шаша, 183Тэлефоны:
(8-0222) 42-84-10 — прыёмная начальніка, палкоўніка Маханькова Сергея Ўладзімеравіча
(8-0222) 44-17-63 — нампаліт Лазарэнка
(8-0222) 42-78-89 — спэцаддзел
З Магілёва да ПК-15 можна дабрацца рэйсавым аўтобусам. Прыпынак «Палетнікі». Аўтобус спыняецца акурат насупраць уезду на прытурэмны падворак.
Дарога ў калёнію №15 зь вясёлымі скульптурамі
«Міжнародная слава»
Гады тры таму пра некаторыя асаблівасьці ўтрыманьня зьняволеных у ПК-15 загаварылі за акіянам, у ЗША. Спачатку, аднак, вядомасьць у Штатах набыла жаночая калёнія № 4 у Гомелі. Пра яе пасьля вызваленьня распавяла амэрыканскім, а таксама расейскім журналістам Уладлена Функ, сакратарка амэрыканскага адваката Эмануіла Зэльцэра, які на той час адбываў пакараньне ў «пятнаццатцы» — нібыта за камэрцыйны шпіянаж і падробку дакумэнтаў. 30 чэрвеня 2009 году ў выніку ціску амэрыканскага ўраду беларускі прэзыдэнт памілаваў яго пасьля амаль шаснаццаці месяцаў за кратамі. Ужо на волі ў інтэрвію «Свабодзе» Зэльцэр гэтак згадваў беларускую няволю.
«Там шмат добрых людзей. Калі ў мяне была галадоўка, то многія падбадзёрвалі мяне. Дапамагалі мне. Я ж там зусім бязь сілаў быў. Нават маглі за мяне ложак заслаць. Маглі рэчы мае памыць. Увогуле такое ўражаньне, што з досыць невялікага кантынгенту там да 90% сядзяць тыя, хто альбо трапіў туды з-за беззаконьня, альбо зь нерэальнымі тэрмінамі. У Амэрыцы ці Брытаніі 99 працэнтаў асуджаных проста не былі б у турме. Да таго ж выклікае зьдзіўленьне, што ва ўстанове, якая называецца папраўчай, большасьць не працуе, а гультайнічае».
Эмануіл Зэльцэр досыць добра адазваўся і пра лекараў калёніі. Значную частку зьняволеньня ён правёў у санчастцы. У яго было шмат хранічных захворваньняў. Лячылі, можа, і някепска, але ў калёнію доўгі час не перадавалі прапісаныя яму амэрыканскімі мэдыкамі лекі. З-за гэтага Зэльцэр і абвясьціў галадоўку.
Як сьведчыць былы зьняволены, які нядаўна вызваліўся зь «пятнаццаткі» і сядзеў у адзін час з Зэльцэрам, да амэрыканца турэмнікам было загадана ставіцца як да нейкага прынца:
«Мянты баяліся яго. На яго не чыніўся такі ціск, як на звычайных ЗК ці палітвязьняў. Ён быў не такі, як усе. У дачыненьні да яго была надзвычайная ўвага».
«Зьвесткі пра стан здароўя Дзімы — ня лепшыя»
Сёньня ў той жа мэдсанчастцы, дзе калісьці ляжаў Эмануіл Зэльцэр, знаходзіцца палітвязень, давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах 2010 году Андрэя Саньнікава — Зьміцер Бандарэнка. Мінулым летам Зьміцер перанёс у Менску складаную апэрацыю на хрыбетніку. Цяпер ходзіць толькі з мыліцай. Фізычна вельмі цяжка пераносіць шыхтаваньні, ад якіх яго ніхто не вызваляе.
Паводле ягонай жонкі Вольгі, зьвесткі пра стан здароўя мужа даходзяць ня лепшыя. Жанчына кажа, што ў мужа «распухлі ногі, яму цяжка хадзіць, аднак інвалідам яго не прызналі».
«Добра, што нарэшце дазволілі карыстацца кастылём. Дзіма не выключае, што стаўленьне да ўсіх палітвязьняў зараз, у сувязі з канфліктам з Эўразьвязам, пагоршыцца», — кажа Вольга Бандарэнка.
У свой час нэўрахірургі пятага клінічнага шпіталя Менску, якія апэрыравалі Бандарэнку, рэкамэндавалі пацыенту працяглую рэабілітацыю пад наглядам спэцыялістаў-нэўролягаў. Гэта лячэбная гімнастыка, масаж ног, розныя працэдуры. Ёсьць шэраг супрацьпаказаньняў — нельга нахіляцца, сядзець, падымаць больш за 4 кг. Зразумела, у калёніі падобныя рэкамэндацыі не выконваюцца. Адмысловая камісія, якая ўжо двойчы аглядала вязьня, інваліднасьці яму так і не дала.
Тым часам, згодна з заключэньнем кіеўскага экспэрта, кандыдата мэдычных навук, каардынатара грамадзкай арганізацыі «Інстытут прававых дасьледаваньняў і стратэгій» Андрэя Раханскага, якое зробленае на падставе вывучэньня мэдычнай карты Бандарэнкі, ва Ўкраіне пацыентам з такім станам здароўя прызначаецца другая група інваліднасьці.
«У выпадку зь Зьмітром Бандарэнкам, калі яму працяглы час адмаўлялі ў спэцыяльных мэдычных рэабілітацыйных сродках (артапэдычны абутак, кій), дзеяньні адміністрацыі калёніі можна расцэньваць як катаваньне і жорсткае абыходжаньне», — адзначаецца ў экспэртызе.
Вольга Бандарэнка кажа, што імкнецца ўсяляк падтрымаць мужа, хоць колькасьць спатканьняў нават пры агульным рэжыме абмежаваная: 3 працяглых (да 3 сутак) і 3 кароткатэрміновых на год:
«Я пішу яму фактычна кожны дзень. У любым выпадку гэта кантакты. Жыву радасьцю ад атрыманага ліста, ад званка, ад таго, што магу даслаць яму нейкія кнігі. У лістах я дзялюся зь ім сваімі навінамі, як гэта было заўсёды ў нашым жыцьці раней».
«Кампанія палітвязьняў»
Калі летась Зьміцер Бандарэнка трапіў з рэспубліканскага турэмнага шпіталя ў ПК-15, там была ўжо цэлая кампанія палітвязьняў. Аляксандар Малчанаў і Дзьмітры Буланаў былі асуджаныя за Плошчу. Яўген Васьковіч атрымаў тэрмін за замах на будынак КДБ у Бабруйску, а Мікалай Дзядок — за напад на тэрыторыю расейскай амбасады ў Менску.
Хутка Малчанаў і Буланаў былі вызваленыя прэзыдэнцкім указам аб памілаваньні, Яўгена Васьковіча за пастаяннае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі перавялі ў так званую «крытую» турму № 4 у Магілёве.
Мікола Дзядок працягвае адбываць пакараньне ў «пятнаццатцы», у чацьвёртым атрадзе, дзе ўсё працуюць. За час свайго зьняволеньня ўжо тройчы мяняў род заняткаў — спачатку рабіў сеткі для жалезных ложкаў, потым быў на мэталяапрацоўку, цяпер — падсобны рабочы. Залежна ад роду працы атрымлівае ад сямі да дваццаці тысяч у месяц.
«У дачыненьні да палітзьняволеных за кратамі вядзецца мэтанакіраваная, узгодненая праца па ўтрыманьні іх у калёніях да той пары, пакуль яны там будуць патрэбныя як нейкі сродак, як закладнікі, у рэшце рэшт для таго, каб дасягаць нейкіх палітычных мэтаў. І справа так званых анархістаў, па якой праходзілі мой сын, а таксама Аліневіч і Францкевіч, — таксама справа палітычная, створаная спэцслужбамі, каб вырашаць нейкія палітычныя задачы», — лічыць бацька палітвязьня Міколы Дзядка — Аляксандар.
Міколава жонка Лера Хоціна (шлюб гэтай маладой пары адбыўся ў калёніі летась у верасьні) сьведчыць, што адміністрацыя пастаянна вядзе зь яе мужам так званую выхаваўчую працу. Двойчы прымушалі напісаць прашэньне аб памілаваньні. Нядаўна (з 12 па 17 сакавіка) пакаралі пяцьцю суткамі ШЫЗА за тое, што неадэкватна адрэагаваў на заўвагу прадстаўніка адміністрацыі. Падчас знаходжаньня ў карцары Міколу зафіксавалі новае парушэньне, нібыта за тое, што дрэнна прыбіраў памяшканьне ШЫЗА.
«Мікола збольшага стрыманы чалавек, але можа быць і рэзкім, — кажа Лера. — Ягоныя парушэньні былі зьвязаныя з тым, што ён не хацеў выконваць пэўныя правілы ўнутранага распадку. Нехта б змаўчаў на яго месцы, а ён агрызнуўся. Але ад узорных паводзінаў палітычных мала што залежыць. Той жа Бандарэнка ня меў штрафных санкцыяў, аднак ва ўмоўна-датэрміновым яму адмовілі».
Сувязі зь Зьмітром Бандарэнкам Мікола, паводле сьведчаньняў Леры, ня мае:
«Бандарэнка ўтрымліваецца ў самай дальняй сэкцыі, і ў Міколы няма магчымасьцяў сустрэцца зь ім. Справа ў тым, што тут такая сытуацыя, што кожная сэкцыя ці сэктар, які складаецца зь некалькіх атрадаў, мае сваю лякалку, то бок тэрыторыю з баракамі і дваром. Таму, калі ты хочаш трапіць у госьці да каго-небудзь у іншы сэктар, ты мусіш пісаць заяву. Гэтую заяву адміністрацыя можа падпісаць, а можа і не падпісаць».
Лера кажа, што раней, на той час, калі яны зь Міколам расьпісваліся, яе муж меў магчымасьць хадзіць да іншых людзей у іншыя лякалкі. Ён бачыўся зь іншымі палітвязьнямі — Васьковічам, Маўчанавым, Буланавым. Калі ж у ПК са шпіталя перавялі Зьмітра Бандарэнку, такой магчымасьці ня стала.
«Ідэйныя» » — клопат для адміністрацыі
Былыя асуджаныя па крымінальных справах звычайна вызначаюць «палітычных» як людзей, апантаных ідэяй і з больш высокім IQ, чым у іншых. Яны лічаць, што асабліва цяжка адміністрацыі з тымі, хто стаіць на пазыцыях анархізму, то бок ідэйна не падпарадкоўваецца дзяржаўнаму прымусу і выступае за ліквідацыю любога дыктату ўлады і эксплюатацыі. Такія гатовыя пераносіць.і ШЫЗА, і ПКТ, і «крытку». Стаўленьне да такіх ідэйных з боку астатніх ЗК як правіла прыязнае.
Жонка Міколы Дзядка Лера тлумачыць гэта тым, што палітычныя імкнуцца вырашыць унутраныя праблемы без дапамогі адміністрацыі, самастойна. Адрозна ад многіх ЗК, якія бягуць да міліцыянтаў з просьбай разабрацца:
«Мікола, напрыклад, перакананы, што свае ўласныя ідэі мусіць адстойваць выключна ён сам. Ведаю, што ў гэтым сэнсе ён з’яўляецца для многіх прыкладам. Ён нярэдка паўтарае: калі ты вымушаны жыць там пэўны час, ты мусіш выконваць пэўныя правілы, з тым, каб заставацца чалавекам і не псаваць жыцьцё іншым. Ня трэба апэляваць у моманты канфліктаў да тых, хто ўтрымлівае цябе ў зьняволеньні».
Што да стаўленьня да «палітычных» з боку адміністрацыі, то як сьведчаць былыя асуджаныя Аляксандар Малчанаў і Дзьмітры Буланаў, супрацоўнікі калёніі ўвесь час дэманструюць , што для іх няма розьніцы ці ты палітвязень, ці звычайны ЗК.
«Ёсьць, аднак, супрацоўнікі, якія сымпатызуюць палітзьняволеным. Таксама і тыя, якія, наадварот, могуць зрабіць падлянку», — кажа Аляксандар Маўчанаў.
Яўген Васьковіч лічыўся ў калёніі адным з рэкардсмэнаў па ўтрыманьні ў дысцыплінарных ізалятарах..
Паводле Аляксандра Маўчанава, Васьковіч — з тых, хто ідэйна ня можа прыняць аніякі ціск з боку турэмнага начальства.
Маўчанаў: «Ён з тых, на каго пастаянна складаюць рапарты. З атраду яго практычна кожны тыдзень накіроўвалі ў ШЫЗА. Ён называў адміністрацыю прадстаўнікамі фашысцкай улады. І лічыць, што адзінае, што ён можа зрабіць за кратамі, — гэта супраціўляцца адміністрацыі».