Кароткі аналітычны агляд па “справе беларускіх анархістаў”

Па выніках судовага разгляду крымінальнай справы Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча, Аляксандра Францкевіча, Максіма Веткіна, Яўгена Сілівончыка, Праваабарончы цэнтр “Вясна” адзначае наступнае:

Высновы

Правядзенне папярэдняга следства па дадзенай крымінальнай справе суправаджалася сур’ёзнымі працэсуальнымі парушэннямі і парушэннямі правоў асуджаных, сярод якіх: адвольныя затрыманні, парушэнні тэрмінаў і працэдур затрыманняў, якія устаноўленыя Крымінальна-працэсуальным кодэксам Беларусі, парушэнне права на абарону, парушэнне прынцыпа прызумпцыі невінаватасці. Затрыманне І. Аліневіча ў г. Маскве  і ягоная далейшая перавозка ў СІЗА КГБ у Мінску адбывалася з парушэннямі ўстаноўленых працэдур, у тым ліку працэдуры эсктрадыцыі беларускіх грамадзянаў з Расійскай Федэрацыі ў Беларусь.

Асуджаныя І.Аліневіч, М.Дзядок, А.Францкевіч падчас судовага працэсу заявілі аб тым, што ў дычыненні да іх пад час папярэдняга следства выкарыстоўваліся незаконныя дзеянні: псіхалагічны ціск і катаванні. Аб ужыванні ў дачыненні да іх катаванняў заявілі падчас судовага разбіральніцтва і шэраг сведкаў, якія адмовіліся ад сваіх паказанняў, дадзеных імі на папярэднім следстве.

Падчас судовага працэсу не выконваўся прынцып роўнасці бакоў па прадстаўленні імі доказаў, што аказвала ўплыў на аб’ектыўнасць і ўсебаковасць пры разглядзе дадзенай справы ў судзе.

Пры такіх абставінах Праваабарончы цэнтр “Вясна” заяўляе, што:

грубыя парушэнні правоў асуджаных даюць падставы лічыць, што разгляд справы ў судзе не быў аб’ектыўным і усебаковым, а вынесеныя судом прысуды неабгрунтаваныя і незаконныя;

парушэнні правоў асуджаных не дазваляюць лічыць іх законна асуджанымі;

вынесеныя пры такіх абставінах прысуды павінны быць адмененыя і перагледжаныя.

Папярэдняе следства па дадзенай справе суправаджалася грубейшымі працэсуальнымі парушэннямі, сярод якіх:

Адвольныя затрыманні і парушэнні працэдур устаноўленых законам.

З моманту ўзбуджэння дадзенай крымінальнай справы ў дачыненні да абвінавачаных дапускаліся грубыя парушэнні іх працэсуальных правоў. Пачынаючы з 3 верасня 2010 г. па ўсёй краіне было затрымана каля 50 чалавек. Асноўнымі прычынамі затрыманняў была не наяўнасць дастатковых падставаў, вызначаных КПК Беларусі, а прыналежнасць іх да розных грамадскіх рухаў, у асноўным анархісцкай і экалагічнай скіраванасці. Затрыманні адбываліся з парушэннямі тэрмінаў вызначанымі КПК Беларусі. Да часткі затрыманых ужывалі незаконную працэдуру “перазатрыманьняў” – не выпускалі пасьля сканчэньня  3 сутак утрыманьня, а складалі новы пратакол затрыманьня. Так М. Дзядок быў перазатрыманы 7 разоў (21 суткі да прад’яўлення абвінавачвання), большасць з затрыманых – па 3 разы (9 сутак да прад’яўлення абвінавачвання).

Абвінавачаны Ігар Аліневіч быў гвалтоўна выкрадзены ў Маскве прадстаўнікамі неўстаноўленых спецслужбаў  і перавезены ў СІЗА КДБ. Затрыманне І. Аліневіча адбылося з парушэннямі ўстаноўленых працэдур, у тым ліку працэдур экстрадыцыі беларускіх грамадзянаў з Расійскай Федэрацыі.

Дадзеная практыка сведчыць аб тым, што да абвінавачаных выкарыстоўваліся незаконныя, адвольныя затрыманні. Гэта з’яўляецца грубейшым парушэннем дзеючага КПК Беларусі і Міжднароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Права на абарону.

Практыка “перазатрыманняў”, калі кожнае новае затрыманне на трое сутак ажыцяўлялася новым органам папярэдняга раследвання прыводзіла да таго, што абвінавачаныя часта не мелі магчымасцяў рэалізаваць сваё права на абарону. Адвакаты па некалькі дзён не маглі атрымаць інфармацыю аб месцы знаходжання сваіх падабаронных і інфармацыю аб тым,  у кампетэнцыі якога органа папярэдняга следства знаходзіцца крымінальная справа іх падабронных. Так, адвакат А.Францкевіча на працягу трох сутак не мог атрымаць дадзеную інфармацыю і спаткацца з сваім падабаронным. І. Аліневіч пры сваім затрыманні неўстаноўленымі прадстаўнікамі спецслужб у г. Маскве і далейшай перавозцы з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі ў Беларусь таксама быў пазбаўлены магчымасці адвакацкай дапамогі і, як следства, магчымасці абскарджання свайго затрымання.

У той жа час КПК Беларусі гарантуе права мець абаронцу на працягу 24 гадзінаў з моманту затрымання. Дадзеныя абставіны сведчаць аб грубым парушэнні органамі папярэдняга следства правоў абвінавачаных на абарону, якое гарантаванае арт. 62 Канстытуцыі Беларусі і МПГПП.

Аказанне псіхалагічнага ціску, ужыванне катаванняў, жорсткага і бесчалавечнага абыходжання.

Падчас судовага паседжаньня абвінавачаныя І. Аліневіч, М. Дзядок і А. Францкевіч заявілі пра псіхалагічны ціск на іх,  катаванні з боку следства, патрабаванні прызнацца і агаварыць іншых. Аналагічныя факты ў судзе пацьвердзілі сведкі Ігар Багачык, Аляксей Жынгероўскі, Ксенія Каўко, Сяргей Слюсар, Антон Новікаў, Аляксандр Бугаёў, па неагучаных паказаннях Дзяніса Быстрыка.

Так, Мікалай Дзядок распавёў, што на сьледзтве яму пагражалі фізічнай расправай, праблемамі ў камеры і па месцы адбыцьця пакарання з іншымі зняволенымі (назваў прозвішча аднаго з супрацоўнікаў – падпалкоўнік Ярошын). Аляксандр Францкевіч заявіў, што яго прымушалі прызнацца, пагражалі вялікім тэрмінам зняволення, схілялі да агавору іншых. Ігар Аліневіч агучыў якім чынам яго выкрадалі з Масквы: на працягу сутак падчас транспартавання ён быў скаваны кайданкамі, частку дарогі ён ехаў з насунутай на твар шапкаю. У СІЗА КДБ адразу не дапытвалі, а прымушалі сазнацца, ціснулі псіхалагічна, імправізавалі званкі хворай бабулі пасярод ночы, каб паведаміць пра яго затрыманне. Аляксею Жынгероўскаму (сведка, доўгі час быў падазроным) падчас допытаў пагражалі працяглым зняволеньнем, праблемамі па месцы вучобы і ў сям’і. У КДБ з ім размаўлялі без адвакатаў, казалі, што ён адтуль не выйдзе. На сьведку Ксенію Каўко падчас допыту, які адбываўся цэлы дзень, сьледчыя крычалі за адмову агаварыць М. Дзядка. Таксама зазначыў пра ціск з боку супрацоўнікаў КДБ і ГУБАЗ (ГУБОП) Ігар Багачык, якога прымушалі агаварыць М. Дзядка,  пагражалі праблемамі на працы і па месцы навучаньня, у тым ліку і праблемамі ў бацькоў (іх таксама выклікалі на допыт), на Акрэсьціна пагражалі сэксуальным гвалтам. Зьняволенага Аляксандра Бугаёва падчас допыту на вул. Рэвалюцыйнай сьледчы Літвінскі ўдарыў дубінкай па каленнай чашачцы і па твары. Пагрозы ўжываліся і да сьведкі Сяргея Слюсара. Сьведка Антон Новік таксама казаў пра працэсуальныя парушэнні падчас допыту і ціск з боку сьледзтва. Усе выйшэзгаданыя асобы знаходзіліся пэўны час пад вартай.

Абвінавачаныя А. Францкевіч і М.Дзядок мелі сур’ёзныя праблемы са здароўем, аднак, нягледзячы на гэтую акалічнасць, яны працяглы час утрымліваліся пад вартай, медычную дапамогу атрымлівалі несвоечасова і не ў поўным аб’ёме.

Гэтыя факты выклікаюць сумневы ў праўдзівасці паказанняў, якія былі дадзеныя абвінавачанымі і сведкамі падчас правядзення папярэдняга следства і якія леглі ў аснову абвінаваўчых прысудаў, вынесеных судом.

Парушэнне прынцыпу роўнасці бакоў па прадстаўленні доказаў у судовым працэсе.

Падчас судовага разгляду не ў поўнай меры выконваўся прынцып роўнасці бакоў па прадстаўленні доказаў. Абгрунтаваныя хадайніцтвы абароны, у тым ліку аб допыце сведак,  часта судом не задавальняліся, што ўплывала на аб’ектыўны і ўсебаковы разгляд справы судом, сведчыла аб абвінаваўчым ухіле судовага працэсу ў цэлым.

Некаторыя часткі абвінавачвання, якія затым леглі ў аснову абвінаваўчага прысуду па меркаванні праваабаронцаў не ўтрымліваюць складу крымінальнага злачынства. Гэта датычыцца інкрымінаванага М.Дзядку, А.Францкевічу і І.Аліневічу эпізоду, звязанаму з правядзеннем дэманстрацыі пратэсту каля Генштаба узброеных сілаў Беларусі 19 верасьня 2009 г., падчас правядзення якой на тэрыторыю Генштаба была кінутая дымавая шашка. Дадзеная несанкцыянаваная ўладамі дэманстрацыя  мела мірны характар, асноўнай мэтай яе правядзення было выказванне свайго меркавання, мірнага пратэсту з нагоды сумесных расійска-беларускіх вайсковых вучэнняў, якія праводзіліся на тэрыторыі Беларусі ў той час. Кіданне пры правядзенні дэманстрацыі дымавой шашкі на тэрыторыю Генштаба мела характар правапарушэння, аднак не ўяляла пагрозы жыццю і здароўю грамадзянаў, не прывяла да дэзарганізацыі працы ўстановы і не нанесла матэрыяльнай шкоды. Дадзеныя дзеянні па нашым меркаванні не ўтвараюць склад крымінальнага злачынства ў дзеяннях асуджаных.

Даведка:

24 траўня 2011 г. суд Заводскага р-на г. Мінска разглядзеў крымінальню справу па абвінвачванні  І.Аліневіча па ч.2 арт.339 КК РБ (“хуліганства, здзейсненае групай асобаў”) і ч.2 і ч.3 арт.218 КК (пашкоджанне маёмасці  агульнанебяспечным спосабам і ў асабліва буйным памеры) – усяго па 5 эпізодах; М.Дзядка ў ч.2 арт.339 КК і ч.2 арт.218 КК – усяго 3 эпізоды; А.Францкевіча па ч.2 арт.339 КК, ч.2 арт.218 КК, ч.2 арт. 349 (несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі»), ч.2 арт. 351 («кампутарны сабатаж, спалучаны з несанкцыянаваным доступам да кампутарнай сістэмы»), арт. 354 КК РБ («распрацоўка, выкарыстанне альбо распаўсюджванне шкодных праграм») – усяго 4 эпізоды; М.Веткіна – па ч.2 арт.339 КК і ч.3 арт.218 КК – усяго 2 эпізоды; Я.Сілівончыка – ч.2 арт.339 КК і ч.2 арт.218 КК – 1 эпізод у Салігорску.

27 траўня 2011 г. згодна агучанаму прысуду:

Ігар Аліневіч пакараны 8 гадамі пазбаўлення волі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй машыны;

Мікалай Дзядок – 4 з паловай гады пазбаўлення волі ўзмоцненага рэжыму;

Аляксандр Францкевіч – 3 гады пазбаўлення волі ўзмоцненага рэжыму;

Максім Веткін – 4 гады абмежавання волі;

Яўген Сілівончык – паўтары гады абмежавання волі.

Па шэрагу эпізодаў была скасавана ч.2 арт.218 КК, а таксама зьнята абвінавачаньня нападу на ЦІП 6 верасьня 2010 г.

Крыніца: http://spring96.org/be/news/43721

Оставьте комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Прокрутить вверх