Як жывуць беларускія дзеці, народжаныя ў турме?

Яны народжаныя ў няволі і самыя першыя гады свайго жыцця праводзяць за кратамі, у адзіным ва ўмовах беларускай пенітэнцыярнай сістэмы Доме дзіцяці. Размяшчаецца ён на тэрыторыі адной з двух беларускіх жаночых калоній — гомельскай “чацвёрцы”. Установа разлічаная на 40 месцаў, аднак цяпер з іх занятыя крыху больш за палову — 23. Гэта дзеткі ад нуля да трох гадоў. Двое з іх нарадзіліся зусім нядаўна… Бліжэйшым часам з’явяцца шасцёра. Сярод 1400 насельніц ПК шмат маладых жанчын, а таму цяжарнасць — з’ява нярэдкая. Ёсць некаторыя асуджаныя, якія кожны новы раз трапляюць у калонію выключна ў цяжарным стане.

За 53 гады існавання гэтага Дома дзіцяці праз яго прайшлі прыкладна дзве тысячы дзетак. Далей многія з іх апыналіся ў вольных дзіцячых дамах. Здараліся таксама выпадкі, калі колішнія дзеткі вярталіся ў “чацвёрку” ізноў, але ўжо як дарослыя ЗК…
Ці варта дзяцей асуджаных маці ад самога пачатку жыцця кідаць за краты? Як можа адбіцца знаходжанне ў гэтай яшчэ неўсвядомленай імі няволі на іх далейшым лёсе? На гэтую тэму разважаюць мінакі на гомельскіх вуліцах, былая асуджаная гомельскай “чацвёркі”, бізнэсоўка, якая ў свой час удзельнічала ў гуманітарнай падтрымцы калоніі і Дому дзіцяці, праваабаронца “Платформы”, аўтарытэтны дзіцячы псыхолаг з Чэхіі.

Навошта нараджаць дзяцей ў няволі?

…Жыхарка Гомеля 25-гадовая Марына, якая вызвалілася з калоніі летась пасля паўтарагадовай адседкі за наркотыкі, адмоўна ставіцца да ўтрымання дзетак за кратамі. Яна добра памятае малых, якія ў два-тры гады пачыналі пераймаць матчыны звычкі і ў якасці першых словаў вымаўляць “шмон”, “мянты”.

“Большасць мам інакш як „мамкамі“ на зоне не клічуць, — кажа дзяўчына. — Калі каго можна назваць „мамамі“, дык гэта персанал Дому дзіцяці. Дай Бог, каб на працягу свайго далейшага жыцця гэтыя дзеткі сустрэлі хаця б палову атрыманага тут цяпла. А біялагічныя маці… Яны нараджаюць дзетак, каб у далейшым „палегчыць сабе ўмовы ўтрымання”.

Марына расказвае пра выпадак, сведкам якога была сама: вызваліўшыся з калоніі, мамка, аднак, пакінула немаўлятку на вакзале, у камеры захоўвання.

“Найчасцей дзяўчаты, ідучы на нейкія злачынствы, не здагадваюцца пра сваю цяжарнасць, — працягвае Марына. — Пра тое, што ў іх будзе дзіця, яны даведваюцца толькі ў СІЗА. Як правіла, яны абсалютна не радыя гэтаму. Нярэдка седзячы з таксыкозам у перапоўненых камерах, адчуваючы пастаянны недакорм і недахоп свежага паветра, перажываючы розныя стрэсы, яны пачынаюць літаральна ненавідзець дзіця яшчэ да з’яўлення яго на свет. Дарэчы, калі быць дакладным, нараджаюць так званыя „зэчкі“ ў вольнай радзільні, аднак увесь час побач з парадзіхай і яе немаўляткам знаходзіцца канвой”.

Сярод турэмных маці ёсць, аднак, і тыя, хто зацяжарвае свядома

Паводле Марыны, зачацце адбываецца ў турэмным гатэлі, калі на працяглае спатканне ў калонію прыязджае муж асуджанай. Ёсць сужэнцы, якія шчыра вераць: дзіця толькі сцэментуе сям’ю, дапаможа ёй пераадолець усе цяжкасці… Найчасцей жа ўсё куды больш прагматычна. Пара спадзяецца, што праз цяжарнасць і нараджэнне зняволеная атрымае нямала прэферэнцый, уключна з датэрміновым вызваленнем. Ёсць пары, дзе рашэнне адносна дзіцяці прымае выключна жанчына. Яна спадзяецца, што такім чынам здолее прывязаць да сябе нявернага мужа. Аднак найчасцей, праз год-два зняволення жонкі, такія мужы падаюць на развод.

Як кажа Марына, маюць шанец зацяжарыць і самотныя “зэчкі” — ад выпадковых сувязяў за кратамі. Пра такія выпадкі ёй расказвалі на зоне. Напрыклад, да самотнай асуджанай на працяглае спатканне прыяжджае маці. Да нейкай іншай зняволенай — сын або муж. Кароткая сувязь адбываецца дзе-небудзь у прыбіральні ці душавой кабінцы. Нарадзіўшы дзіця, такія жанчыны на кожным кроку расказваюць пра сваю любоў, а потым ужо на волі адмаўляюцца ад яго, як ад непатрэбнай цацкі.

“Хіба на волі не зацяжарваюць у карыслівых мэтах?”

Бізнэсоўка Таццяна, якая на працягу пяці гадоў брала ўдзел у праекце “Жаночыя калоніі ў Беларусі”, толькі часткова пагаджаецца са словамі былой асуджанай Марыны:

“Сапраўды, ёсць і такая катэгорыя жанчын, ёсць і такія выпадкі, — кажа яна. — А што на волі? Хіба некаторыя мамашы не нараджаюць, каб атрымаць сацыяльную дапамогу? А потым адмаўляюцца ад гэтых дзяцей, прадаюць іх. За алкаголь, наркотыкі. Хіба мы не ведаем выпадкаў, калі яны зацяжарваюць толькі дзеля таго, каб утрымаць мужа? А потым муж кідае яе, а яна кідае дзіця. Бо непатрэбнае…”

Таццяна ўзгадвае пару выпадкаў з жыцця колішніх асуджаных маці:

“У калоніі яны дрыжэлі над сваімі дзецьмі, а выходзілі — і спакойна прапівалі ўсе дзіцячыя рэчы. Бо калі маці з дзіцем вызваляюць з калоніі, то дзіця забяспечваюць і вазком, і адзеннем, і харчаваннем на першыя тыдні. Бываюць такія маці, якія адразу прапіваюць гэта. Ёсць такія выпадкі. Аднак у асноўным гэты дзіцячы дом стымулюе жанчыну. Каб стаць адказнай за яго лёс, вызваліцца, працягваць жыццё разам з ім, бо іншага добрага, акрамя як гэтае малое, у яе няма”.

Калі б не турэмны Дом дзіцяці, некаторыя немаўляткі не выжылі б…

Паводле праваабаронцаў “Платформы”, якія сёлета напрыканцы лістапада праводзілі маніторынг у гомельскай “чацвёрцы”, лёс малых склаўся бы куды горш, калі б яны не трапілі ў турэмны Дом дзіцяці.

“Дарэчы, гэта адна з нямногіх забудоваў на тэрыторыі зоны, дзе няма кратаў на вокнах, — удакладняе кіраўніца арганізацыі Алёна Красоўская-Каспяровіч. — Ад самой зоны, дзе адбываюць пакаранні маці малых, дзіцячая ўстанова аддзеленая ўласным плотам ды брамкай”.

Праваабаронца працягвае:

“Калі мы прыехалі, дзеткі спалі на адкрытай тэрасе, добра ахінутыя ў пледы ды коўдры. Побач знаходзіліся медыцынская сястра, а таксама выхавальніца. Дзеткі спяць так да самых маразоў. Увогуле Дом дзіцяці падобны на стары дзіцячы садок. Вакол яго розныя пляцоўкі для гульняў. Калі выпадае снег, то супрацоўніцы катаюць дзетак на санках. Летам малых вывозяць у Гомельскі парк, вядуць у дзіцячую кавярню, дзе частуюць іх рознымі прысмакамі…

У Доме дзіцяці шмат цацак, асобная дзіцячая пральня. Усё адзенне і бялізна чысцюткія. У мяне склалася ўражанне, што стаўленне з боку персаналу — а гэта пераважна жанчыны — вельмі трапяткое, я б сказала, матчына…

Некаторыя немаўляткі, напэўна б, не выжылі, калі б не мелі такога дагляду, як тут у калоніі. Усе яны ад нараджэння маюць самыя розныя медыцынскія праблемы, найперш — неўралагічныя, бо мамы падчас цяжарнасці не клапоцяцца аб іх здароўі. Усіх гэтых малых медыкі ды выхавацелі выходжваюць, падлечваюць, ставяць на ногі…

Мамы маюць магчымасьць прыходзіць да дзетак на некалькі гадзінаў у той час, калі яны не занятыя на працы. Маці, якія кормяць, маюць асобны графік. Тут ёсць асобнае памяшканне для кармлення грудзямі. Паводле персаналу, ім даводзіцца праводзіць сапраўдную агітацыйную працу сярод маці, каб тыя кармілі грудзямі. Аднак не ўсе маці занепакоеныя здароўем сваіх немаўлятак, таму пераканаць гэтых маладых жанчын удаецца не часта. Тут ёсць праблемы”.

Ёсць маці, якія грэбуюць мяняць дзецям памперсы, падмываць іх. Таксама ёсць такія, хто ад самага пачатку адмаўляецца наведваць малое.

“Знаходжанне мамы з дзіцём — усё ж пазітыў”.

Тое, што ў многіх “зэчак” адсутнічаюць матчыны пачуцці, мае сваё тлумачэнне. Яны ж не праводзяць з дзіцём бяссонныя ночы, не кормяць яго, не купляюць яму цацкі. Усё гэта робяць нянечкі, выхавацелькі, медыкі. Наведваючы дзіця ўсяго па некалькі гадзін на дзень, жанчыны проста не паспяваюць прывыкнуць да яго, палюбіць яго.

Красоўская-Каспяровіч: “Найчасцей, пасля вызвалення многія асуджаныя забываюцца пра сваіх дзетак. Як з жалем адзначыла начальніца гомельскай калоніі, не ўсе хочуць памятаць, што ў іх ёсць дзеткі. „Мамкі“ — ня мамы. Дзеці ім проста нецікавыя”.

Яшчэ адзін момант, у выніку якога бурыцца сувязь “маці-дзіця”, — гэта калі трохгадовае дзіця адлучаюць ад маці, а самой жанчыне яшчэ сядзець шмат гадоў. Нярэдка ў такой жанчыны няма ні мужа, ні сямейнікаў, і таму дзіця накіроўваюць у дзіцячы дом. З гэтай установы малое на спатканне з мамай у калонію ніхто не возіць. Хоць, паводле закону, маленькія сын ці дачка маюць права на такія сустрэчы — як кароткія, так і працяглыя. Але ж дзіцячыя ўстановы з-за недахопу персаналу такога не робяць. Маючы пасля вызвалення вялікія праблемы з працаўладкаваннем, усведамляючы, што яны — людзі другога гатунку, жанчыны не знаходзяць у сабе мужнасці, каб забраць сына ці дачку з дзіцячага дому.

Красоўская-Каспяровіч: “Большасць дзяцей „зэчак“ у выніку застаюцца самотнымі і нікому не патрэбнымі. Тым не менш, ёсць нейкі адсотак, для якіх дзіця становіцца сапраўдным якарам, які не дае далей апусціцца на дно. Такі адсотак жанчын пераконвае, што знаходжанне мамы з дзіцём — усё ж пазітыў”.

Кіраўніца “Платформы” перакананая, што тэрмін знаходжання дзіцяці разам з мамай за кратамі павінен быць падоўжаны недзе да шасці гадоў, пакуль хлопчык ці дзяўчынка не пойдуць у пачатковую школу, як гэта робіцца ў шэрагу заходнееўрапейскіх краінаў, напрыклад, у Нямеччыне.

Чэхія: міністр за павелічэнне тэрміну, псіхолагі — супраць

Тым часам у шэрагу ўсходнееўрапейскіх краінаў — сябраў ЭЗ, дзе паводле закону асуджаныя маці могуць знаходзіцца з дзецьмі да спаўнення ім трох гадоў, ініцыятывы адносна гэтага тэрміну шырока абмяркоўваюцца на ўзроўні самых розных адмыслоўцаў і маюць сваіх прыхільнікаў ды праціўнікаў. Напрыклад, у Чэхіі, дзе як і ў Беларусі, трохгадовае дзіця, якое разлучаюць з мамай, у залежнасці ад сітуацыі могуць аддаць бацьку, бабулям-дзядулям, апекунам, а таксама накіраваць у дзіцячы дом. У гэтай краіне існуе толькі адна жаночая турма (у горадзе Светла-над-Сазавай). Зразумела, што ў вязніцы ёсць аддзяленне для маці з дзецьмі.

За апошнія 12 гадоў праз гэтую турму “прайшлі” 130 жанчын з дзецьмі. Цікава тое, што большая іх частка потым назад не вярнуліся. Жанчыны не сталі рэцыдывісткамі, перасталі ўчыняць злачынствы, вярнуліся да нармальнага жыцця. Большая частка, але, вядома, не ўсе. Атрымліваецца, што калі дзіця побач, і жанчына-злачынца клапоціцца пра яго, дорыць яму сваю любоў і атрымлівае любоў у адказ — яна ўвесь час памятае пра тое, што засталося за сценамі турмы, пра нармальнае жыццё. І хоча туды вярнуцца.

Не так даўно міністр працы і сацыяльных пытанняў Чэхіі Міхаэла Марксава выступіла з наступнай ініцыятывай: дзеці асуджаных жанчын, якія жывуць разам з імі ў турмах, павінны заставацца з маці больш часу, чым прадугледжана цяперашнім заканадаўствам.

Вось што сказала міністр Марксава ў інтэрв’ю Чэскаму радыё:

“Я думаю, што дзіця павінна заставацца з мамай хоць бы на працягу ўсяго дашкольнага ўзросту. Потым яно ўжо пойдзе куды-небудзь у пачатковую школу, і будзе складана кожны дзень вяртацца са школы, так бы мовіць, „дадому“ — да мамы ў турму. Так што я лічу, што дзіця павінна быць з маці ў турме хаця б да шасцігадовага ўзросту. Таксама я ўпэўненая, што неабходна стварыць розныя праграмы, якія б дазволілі маці і дзіцяці, якое ўжо з ёй не жыве, мець зносіны і бачыцца як мага часцей”.

Вельмі многія людзі, у тым ліку і праваабаронцы, падтрымліваюць міністра. Аднак дзіцячыя псіхолагі пачалі цэлую кампанію, каб не даць міністру ажыццявіць жаданае. Сярод апанентаў міністра Марксавай — адзін з самых аўтарытэтных у Чэхіі дзіцячых псіхолагаў Петэр Пэге. Чаму ён выступае супраць таго, каб перыяд, калі дзіця жыве разам з маці ў турме, павялічыўся хоць бы ў два разы — з трох да шасці гадоў?

Пэге: “Я лічу, што тры гады — гэта самы разумны і аптымальны ўзрост. Потым ужо ўзнікае эмацыйны кантакт дзіцяці з мамай. А яго ні ў якім разе нельга перапыняць, бо тады ўсё жыццё гэтага дзіцяці і яго адносіны з грамадствам могуць быць сапсаваныя. Да двух-трох гадоў асоба дзіцяці яшчэ не пачынае паўнавартасна развівацца. А вось потым адносіны з аднагодкамі, дарослымі, атмасфера, у якой жыве дзіця, — усё гэта адыгрывае вялікую ролю. Таму я і не падтрымліваю прапанову міністра”.

Нягледзячы на тое, што практыка, калі дзеці застаюцца з асуджанымі бацькамі да таго моманту, як пойдуць у школу, паспяхова ажыццяўляецца ў Нямеччыне, Петэр Пэге, настойліва раіць устрымацца ад яе ў Чэхіі:

“Адназначна можна сказаць, што самым важным для дзіцяці з’яўляюцца адносіны. Калі ёсць „паўнавартасная“ мама — гэта адносіны з мамай. Але адносіны могуць быць і з іншай важнай для дзіцяці асобай. Бацька, бабулі, сацыяльныя работнікі. Гэта не так, што калі маму разлучаць з сынам ці дачкой, то ў жыцці дзіцяці ўзнікае поўная пустэча. Не. Да таго ж большасць такіх дзяцей, акрамя адносінаў з іншымі людзьмі, усё ж маюць кантакт з маці”.

Не пераконвае дзіцячага псіхолага і той аргумэнт, што жанчыны, побач з якімі знаходзяцца дзеці, пасля вызвалення ўжо вельмі рэдка вяртаюцца да злачынстваў:

“Вядома, гэты момант, гэтая прычына адыгрывае сваю ролю. Жанчыны, калі побач дзеці, не адчуваюць сябе цалкам выкінутымі з грамадства. Яны хочуць у яго вярнуцца. Дзіця — такі сабе напамін маме, што недзе існуе нармальнае жыццё. Але ж… На першым месцы павінна быць дзіця, а не яго злачынца-маці. Што будзе з ёй на волі — адна справа. А вось другая — што першыя гады жыцця дзіцяці ўплываюць на ўсю яго будучыню. І важнасць таго, каб дзіця вырасла нармальным, — гэта павінна быць вышэй за ўсё астатняе…”

У сваю чаргу, і Петэр Пэге, і многія іншыя еўрапейскія псіхолагі усё больш схіляюцца да скандынаўскага досведу з так званымі фостэрнымі сем’ямі (ад англійскага слова “foster” — апека).

Фостэрныя сем’і

Да ўдзелу ў праграме запрашаюцца валанцёры ці сем’і валанцёраў, якія хочуць узяць дзіця на нейкі час і аказваць яму часовую апеку. Да фостэрных сем’яў ці фостэрных маці галоўнае — не дапусціць, каб дзіця не забылася пра сваю сапраўдную маму. Дзіцяці тлумачаць, што мама яго трапіла ў цяжкую сытуацыю, але яна вельмі любіць яго. Нярэдка дзіця называе часовую апякунку таксама “мамай”, аднак пры гэтым ведае, што ў яго недзе ёсць і другая маці. Здараецца, што ўмовы, у якія вяртаюцца дзеці пасля вызвалення іх маці з-за кратаў, куды больш кепскія, ды і маці, пра якую ім шмат расказвалі не настолькі іх любіць. У такім выпадку фостэрная сям’я дапамагае ім далей. Ва ўсялякім выпадку арганізатары праекту упэўненыя, што час, праведзены ў сям’і, якая па-добраму ставіцца да самотных дзяцей, куды лепшы чым ў дзіцячым доме.

Источник

Оставьте комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Прокрутить вверх